Кожную нядзелю маладыя хрысьціянскія дэмакраты праводзяць у гарадох Беларусі пікеты па зборы подпісаў у абарону царквы Сьвятога Язэпа а таксама за зьмену закону аб рэлігійных арганізацыях. Нагадаем, што апошнюю падпісную кампанію аргкамітэт хрысьціянска‑дэмакратычнай партыі абвясьціў яшчэ ў сярэдзіне красавіка.

2 верасьня менскія маладафронтаўцы й актывісты аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ладзілі гэткія пікеты каля ўсіх сталічных каталіцкіх парафіяў.

«Гэтай акцыяй мы не толькі працягваем змаганьне за Кляштар бэрнардынаў і касьцёл на вуліцы Кірылы і Мяфодзія, але і даносім інфармацыю пра магчымую перабудову сьвятыні над гатэльны комплекс да вернікаў, якія ў большасьці сваёй ведаюць пра праблему, але абсалютна ёй не цікавяцца», — кажа маладафронтаўка Тацьцяна.

Дзяніс, актывіст БХД, распавядае пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца зборшчыкі подпісаў:

«Каталікі актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі, часам нават сьвятары самі нам ў гэты дапамагаюць. З праваслаўнай царквой мы маем трошкі горшыя стасункі, бо большасьць служыцеляў гэтае канфэсіі заўжды прытрымліваюцца праўладнай палітыкі царквы. Хоць бывае і так, што нас вельмі цёпла прымаюць і ахвотна падпісваюцца, пры гэтым просяць нікому пра гэта не казаць».

Малады каталік Аляксей дадае, што звычайна ані міліцыя, а ні іншыя органы не перашкаджаюць падпісной кампаніі, аднак хлопец зазначае, што ў рэгіёнах усё ж бывалі выпадкі, калі ўлады, баючыся такой актыўнасьці вернікаў, ціснулі на актывістаў кампаніі.

На сёньняшні дзень хрысьціянскія дэмакраты сабралі ужо каля трыццаці тысячаў подпісаў. За верасень гэтую лічбу плянуецца павялічыць да пяцідзесяці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?