Ад раніцы 1 жніўня старыя тэлевізары жыхароў Асіповіччыны не пакажуць ніводнага канала. На гэты дзень прымеркавана адключэнне эфірнага аналагавага тэлебачання ў першым з рэгіёнаў Беларусі. Праз пару месяцаў чарга на адключэнне дойдзе да Жлобіна і Бабруйска.
Выкананне плана па пераво-дзе краіны на лічбавае вяшчанне адкладалася некалькі разоў, але нарэшце пачынае рэалізоўвацца. Якія перавагі атрымаюць гледачы? Раней антэны каля іх тэлевізараў дазвалялі злавіць тры-чатыры каналы. Напрыклад, пад Асіповічамі можна было глядзець «Беларусь-1», СТБ і «РТР-Беларусь».
Цяпер жа ўдасца ўбачыць у палепшанай якасці карцінкі і гуку восем тэлеканалаў і адзін радыёканал. Што для гэтага трэба зрабіць?
Новы тэлевізар — і праблем няма
Калі ў вас стаяць антэна і тэлевізар, які падтрымлівае стандарт DVB-T і фармат сціскання MPEG-4 AVC/H.264, то больш нічога купляць не трэба, дастаткова запусціць аўтаматычны пошук каналаў.
Большасць новых мадэляў — і замежных, і «Гарызонтаў» з «Віцязямі» — з гэтым стандартам працуюць. Тэлевізары з невялікім экранам (каля 20 цаляў) каштуюць ад 2 мільёнаў рублёў.
Новы фармат за пяць хвілін
Калі ж тэлевізар стары і патрэбны стандарт не падтрымлівае, давядзецца набыць спецыяльную прыстаўку — лічбавы цюнер. Іх вытворчасць арганізаваў «Віцязь» і яшчэ некалькі беларускіх кампаній. Самая недарагая прыстаўка, напрыклад, «Віцязь» DTR-816 FTA, каштуюць каля 350—400 тысяч рублёў. Меркаванні пра якасць гучаць, мякка кажучы, супярэчлівыя.
Можна падабраць і замежныя аналагі за тую ж цану. Але звяртайце ўвагу, каб на тэлевізары і прыстаўцы былі аднолькавыя раздымы.
Само падключэнне «па-новаму» зойме некалькі хвілін. Штэкер антэны трэба дастаць з тэлевізара і ўставіць у прыстаўку. А прыстаўку і тэлевізар злучыць між сабой дротам, які бу-дзе ісці ў камплекце. Пасля чаго ўключыць на блакітнай скрыні рэжым AV і націснуць на пошук каналаў.
Але без антэны і ў выпадку з прыстаўкай не абысціся.
Вясковы варыянт
Эфірным тэлебачаннем карыстаюцца перадусім у вёсках і малых гарадах, дзе няма кабельнага вяшчання. Усё ж восем каналаў — гэта нямнога ў параўнанні з некалькімі дзясяткамі праграм, якія транслююць кабельныя аператары. Ды і ў вёсках многія ставяць сабе спадарожнікавыя талеркі, каб стаць незалежным ад густаў Белтэлерадыёкампаніі.
Графік адключэння аналагавага тэлебачання на бліжэйшы час
2013
1 жніўня — Асіповічы
1 кастрычніка — Жлобін, Бабруйск
1 лістапада — Касцюковічы
2014
1 красавіка — Беразіно, Шаркаўшчына, Лунінец, Гомель,
15 мая — Магілёў, Віцебск, Петрыкаў
1 чэрвеня — Брагін, Брэст, Драгічын.
- Даступнымі ў лічбавым фармаце будуць «Беларусь 1», «Беларусь 2», «Беларусь 3», АНТ, СТВ, «НТВ-Беларусь», «РТР-Беларусь», «Мір», а таксама Першы канал Беларускага радыё
- У час пераходу краіны на эфірнае лічбавае тэлевяшчанне працуе даведкавая служба, даступная па кароткім нумары 172





