На сметнікі трапляе шмат рэчаў і рэчываў, якія туды трапляць не павінны. У плане ўтылізацыі смецця Беларусь застаецца адсталай краінай. А гэта ж грошы! Для дзяржавы і для людзей.

Лядоўня ці камп’ютар

Што лядоўню, тэлевізар, камп’ютар ці мабільны тэлефон нельга проста вынесці на сметнік, а трэба адмыслова ўтылізаваць, вядома кожнаму еўрапейцу, амерыканцу ці японцу. У беларусаў магчымасць здаць старую бытавую тэхніку ці электроніку на пераапрацоўку з’явілася некалькі месяцаў таму. Праўда, пакуль прымае тэхніку для ўтылізацыі толькі адно мінскае прадпрыемства.

«Насамрэч, асноўны кірунак дзейнасці прадпрыемства — здабыча каштоўных металаў з адкідаў электроннага абсталявання. Мы ўжо 15 гадоў працуем з юрыдычнымі асобамі, буйнымі вытворчымі прадпрыемствамі», — расказаў дырэктар кампаніі «БелВТІ» Аляксандр Кірпічнік падчас невялікай экскурсіі па прадпрыемстве.

«Але толькі сёлета папраўкі ў заканадаўства выдзелілі электроніку і складаную бытавую тэхніку ў асобны від адкідаў, што дазволіла атрымліваць кампенсацыю за іх збор і перапрацоўку.
Толькі ў нашага прадпрыемства аказаліся ўсе неабходныя ліцэнзіі на такую дзейнасць. Таму ад 1 красавіка ў нас запрацаваў пункт прыёму бытавой тэхнікі. Нашы абласныя даччыныя і афіліяваныя прадпрыемствы ва ўсіх буйных абласных і раённых гарадах цяпер атрымліваюць ліцэнзіі, неўзабаве непатрэбную тэхніку можна будзе здаць і там».

Вывезуць на таксі

«Ад 1 мая працуе «БелВТІ-таксі». Калі ў вас ёсць буйнагабарытная тэхніка, вы можаце патэлефанаваць нашаму аператару, і цягам некалькіх дзён вашу тэхніку забяруць. Нават знясуць з вашага паверха. Адразу пасля запуску «Таксі» машына ездзіла кожны дзень — было шмат ахвотных. Цяпер выклікаў менш. Мабыць, таму, што сезон адпачынкаў», — паведаміў Кірпічнік.

Золата!

Зразумела, што перш за ўсё ўтылізацыя адкідаў — гэта бізнэс. Аляксандр расказвае, што з тоны тэхнікі атрымліваецца каштоўных металаў каля 4 грамаў у залатым эквіваленце.

«Няшмат, дый каштуе яно даражэй, чым здабытае з зямных нетраў. Аднак гэтае золата не трэба закупляць за мяжой.
Ды без утылізацыі яно папросту б адправілася на сметнік. А каб атрымаць кілаграм золата, трэба ў сярэднім перапрацаваць ці 200 тысяч тон руды, ці 70 тысяч тон электронных адкідаў».

Аднак перапрацоўваюцца і чорныя металы, і пластык. На захаванне на смеццевых палігонах адпраўляецца толькі 10-15%. Аляксандр задаволены тым, што «адкіднае» заканадаўства развіваецца, прычым у правільным кірунку: увядзенне кампенсацыі ад дзяржавы за збор адкідаў дазволіла новым прадпрыемствам выходзіць на рынак.

Добры бізнэс

«Ведаю, што многія зацікавіліся гэтым кірункам. Гэта добра, бо манаполія тут не з’яўляецца спрыяльным фактарам. Але дзяржаве таксама трэба адыходзіць ад ролі асноўнага гульца ў гэтай сферы», — кажа ён.

У прыклад Аляксандр ставіць Германію, дзе ўжо колькі гадоў звалак не існуе ўвогуле, а ўсё смецце або перапрацоўваецца, або спальваецца на спецыяльных заводах.

«Польшча таксама паказвае нядрэнныя вынікі. У 2007, калі толькі пачаліся праграмы ўтылізацыі электронікі і бытавой тэхнікі, там у год збіралася каля 17% ад колькасці ўсёй новай тэхнікі, якая паступала ў краіну. У мінулым годзе гэты паказчык склаў 30%. У Беларусі планку пакуль усталявана на 10%, і будзем глядзець, ці ўдасца выканаць гэты паказчык».

Люмінесцэнтная лямпачка

Эканомія рэсурсаў дала штуршок папулярнасці люмінесцэнтным і светадыёдным лямпам. Напрыклад, у Еўрасаюзе выраб і продаж лямпаў напальвання ўвогуле забаронены, бо яны трацяць зашмат электрычнасці.

У Беларусі такой забароны няма, аднак газаразрадныя лямпы папулярныя і прадаюцца паўсюль. На жаль, утылізваць люмінесцэнтную лямпу не так проста, як набыць. Але ўтылізаваць яе мусова! Бо колба лямпачкі ўтрымлівае выпарэнні ртуці, шкодныя для чалавека.

У Беларусі люмінесцэнтныя лямпачкі на ўтылізацыю прымае «Белкаштмет».
На прадпрыемстве паведамілі, што лямпачкі можна здаць у пунктах прыёму ў Мінску, усіх абласных цэнтрах, а таксама ў Маладзечне, Пінску, Оршы, Баранавічах і Бабруйску. У гэтых жа месцах можна экалагічна пазбавіцца ад непатрэбных іртутных тэрмометраў.
Увогуле, люмінесцэнтныя лямпы прымаюць у тых месцах, дзе абсталяваныя сховішчы для адкідаў, што ўтрымліваюць іртуць.
У Мінску такія сховішчы акрамя «Белкаштмету» ўсталяваныя ў некаторых частках МНС і штабе грамадзянскай абароны па адрасе вул. Казлова, 26, п. 8. Прымаюць лямпы для ўтылізацыі і некаторыя ЖЭСы. На жаль, поўнага спіса месцаў, куды можна прынесці старыя лямпачкі, не існуе. Таму, калі хочацца ўсё ж утылізаваць, а не выкінуць лямпу, патэлефануйце ў свой ЖЭС, раённае ЖРЭА ці мясцовае ўпраўленне па надзвычайных сітуацыях. Або нясіце лямпачкі ў «Белкаштмет».
Дарэчы, сітуацыя з утылізацыяй люмінесцэнтных лямпаў у хуткім часе можа палепшаць:
Брэсцкі электралямпавы завод ужо закупіў лінію па іх утылізацыі і, як паведамілі на заводзе, цяпер ідзе атрыманне ліцэнзіі на ўтылізацыйную дзейнасць. На жаль, на заводзе пакуль не ведаюць, якім чынам будзе арганізаваны збор старых лямпаў. «Будзем супрацоўнічаць з прадпрыемствамі з усёй Беларусі. Але лепш патэлефануйце ў жніўні. Тады сітуацыя мусіць праясніцца», — паведаміў супрацоўнік.

Акумулятар, батарэйка

Старыя свінцовыя аўтамабільныя акамулятары купляе «Белкаштмет». Гэтае ж прадпрыемства збірае нікель-кадміевыя акамулятары. А вось з маленькімі, але вельмі шкоднымі для прыроды батарэйкамі праблема: беларусы звычайна выкідаюць іх разам з бытавым смеццем, хоць рабіць гэтага нельга. Кадмій і свінец надта шкодныя для арганізму. У Кітаі з ягоным бяздумным прамысловым развіццём ужо цэлая праблема: кадміем забруджаныя гіганцкія тэрыторыі, ад гэтага забруджанымі выходзяць рыс і гародніна.

У Беларусі батарэйкі не перапрацоўваюць, а толькі захоўваюць.
У Мінпрыроды паведамілі, што неўзабаве першая партыя скарыстаных батарэек мусіць адправіцца ў Фінляндыю на ўтылізацыю. Да гэтага чакалі, пакуль набярэцца неабходная колькасць батарэек для эканамічна мэтазгоднага іх транспартавання.

Цяпер па ўсёй Беларусі ўсталяваныя 603 кантэйнеры для збору батарэек. Поўны спіс усіх месцаў, дзе можна знайсці кантэйнер, змешчаны на сайце ГА «Белрэсурсы» belres.by.

«Зялёная карта»

Праблемай беларускай утылізацыі з’яўляецца не толькі яе неразвітасць, але і несвядомасць людзей. Інфармацыйная кампанія не ідзе далей за заклік збіраць паперу, шкло і пластык.

А людзі рэагуюць на канкрэтныя адрасы, куды што несці. Да таго ж, большасць звестак датычыць Мінска.

Пакуль старыя люмінесцэнтныя лямпачкі не прымаюць наўпрост у краме, дзе іх прадаюць, а кантэйнер для старой бытавой тэхнікі не прывозяць штомесяц у кожны двор, краіне бракуе «зялёнай карты», дзе будзе сабрана інфармацыя пра пункты ўтылізацыі адкідаў з усёй Беларусі, на якой можна знайсці бліжэйшы да вашага жытла пункт. Спробы стварыць такую карту былі: на сайце greenmap.by ёсць інфармацыя па Мінску, Гродне, Брэсце, Наваполацку і Слоніме. Аднак агульнарэспубліканскую карту яшчэ не стварыла аніводнае дзяржаўнае міністэрства ці грамадскае аб’яднанне.

Утылізацыя электронікі і бытавой тэхнікі:

ААТ «БелВТІ»

Мінск, Славінскага, 1

Тэл.: +375 17 267 00 72

www.belvti.com

Прыём люмінесцэнтных лямпаў, тэрмометраў і аўтамабільных акумулятараў на ўтылізацыю (Мінск, Брэст, Гродна, Гомель, Віцебск, Магілёў, Маладзечна, Баранавічы, Бабруйск)

ААТ «Белкаштмет»

Тэл.: (017) 503-37-97

www.bcvm.by

Спіс пунктаў з усталяванымі кантэйнерамі для батарэек знойдзеце на сайце «Белрэсурсаў» www.belres.by у раздзеле «Другасныя рэсурсы».

Greenmap.by: «Зялёная карта» Мінска, Гродна, Брэста, Наваполацка і Слоніма.

У Мінску здаць люмінесцэнтныя лямпы можна ў пажарных аварыйна-выратавальных частках па адрасе: Бетонны праезд, 33, тэл. 208-66-31; вул. Магілёўская, 4а, тэл. 224-35-61; вул. Кнорына, 9, тэл. 280-27-91; пр Дзяржынскага, 77, тэл. 272-58-92; вул. Рыбалкі, 20, тэл. 298-18-49; вул. Бярозагорская, 6, тэл. 279-50-01 і штабе грамадзянскай абароны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?