Работнікі прыватнага прадпрыемства «Супермайк» з-за нявыплаты заработнай платы за чэрвень учынілі стыхійную забастоўку.

«Мы ўжо не ведаем, як змагацца з нясвоечасовай выплатай заробкаў. У мяне гэта адзіны даход у сям’і. Дзіця захварэла, а мне нават няма за што купіць яму лекі. З банка ўжо тэлефанавалі некалькі разоў з-за пратэрміноўкі плацяжоў па крэдытах. Да таго ж, цяпер жнівень — а заробак за чэрвень толькі абяцаюць», — са слязамі на вачах распавяла швачка «Супермайка».

Гэта першая стыхійная забастоўка на прадпрыемстве, на якую наважыліся яго работнікі. У горадзе вельмі цяжка знайсці працу, таму жанчыны, якія прыйшлі на гэтую вытворчасць, чакалі атрымаць хоць нейкую падтрымку, але расчараваліся.

«З нас смяюцца, што мы тут да гэтага часу працуем і церпім гэтыя здзекі. Нам не трэба чужога, дайце нам нашы кроўна заробленыя грошы», — сказала адна са швачак.

Канец цярпенню прыйшоў 2 жніўня. Па словах рабочых, яны з раніцы папярэдзілі бухгалтара пра забастоўку, калі не будзе выплаты заработнай платы. Пасля таго, як ім чарговы раз бухгалтарка сказала, што грошай няма, работнікі прыватнага прадпрыемства выключылі швейныя машынкі і палову дня проста знаходзіліся на працоўным месцы.

Па дамове заработную плату павінны выплачваць да 25-га. Але, па словах жанчын, з канца ліпеня яны чуюць толькі абяцанні аб выплаце заробку за чэрвень. Па словах швачак, дырэктар прадпрыемства Іван Набешка, даведаўшыся пра стыхійную забастоўку, на прадпрыемстве нават не з’явіўся. Па тэлефоне ён папярэдзіў рабочых: «Не хочаце працаваць вы, прыйдуць іншыя».

Работнікі выказалі журналістам свае здагадкі аб тым, з якой прычыны не выплачваюць заработную плату. Асноўная маса прэтэнзій была кінутая ў бок галоўнага бухгалтара, якая, па здагадках работнікаў, нясвоечасова перадала ў банк дакументы на пералік заработнай платы.

«Ёй што, яна працуе на двух прадпрыемствах. Не атрымае грошы тут, так атрымае на іншай працы. А мне дзяцей кармі чым хочаш», — выказалася адна з жанчын.

Па расказах швачак, машыны з гатовымі вырабамі кожныя 3–4 дня адпраўляюцца да заказчыка. Затрымку зарплаты сваім работнікам дырэктар патлумачыў так: «Шмат фактараў адыграла ролю. Тавар адпраўляем на Расею. Грошы адтуль пералічваюцца не заўсёды своечасова. У нас свае нюансы. У некаторых выпадках мы самі вінаватыя: з-за неспрактыкаванасці швачак часам зрываем пастаўкі. Адсюль і затрымка зарплаты».

Работнікі выказалі яшчэ шмат крыўдаў. Чарговай стала прэтэнзія па аплаце таго, што напрацавалі швачкі. Яны распавялі, што выкананы план акругляецца, але не на карысць работніка, а, як яны выказаліся, «на карысць дзяржавы». На іх думку, план завышаны, і выканаць яго на 100% нерэальна.

Дырэктар патлумачыў, чаму ў работнікаў узнікаюць такія пытанні. Паказаў нормы, па якіх вырабляюцца разлікі зарплат. Сказаў, што па такой жа сістэме аплачваюць працу і на іншых вытворчасцях, але для больш дэталёвага агляду сфатаграфаваць нарматыўныя дакументы не дазволіў. Таму ў журналістаў склалася думка, што ўсё ж кіраўніцтву прадпрыемства ёсць што хаваць.

«Мы прыклалі ўсе намаганні, каб своечасова выплаціць заробак. Нават прасілі крэдыты ў банках, але нам у апошні момант адмовілі. Будзем старацца, каб такога больш не паўтарылася», — сказаў Іван Набешка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?