38-гадовы генеральны дырэктар прадзюсарскага цэнтра «Спамаш» Дзмітрый Баранаў памёр ад раптоўнага спынення сэрца. Пра гэта паведаміў народны артыст Беларусі, кіраўнік праекта «Еўрафэст» Аляксандр Ціхановіч са спасылкай на вынікі ўскрыцця.

Паводле слоў Ціхановіча, Дзмітрый памёр вечарам 9 жніўня, знаходзячыся за рулём аўтамабіля. Выпадковы прахожы бачыў, як ён паспеў прыпаркавацца, але выйсці з машыны ўжо не змог. Аляксандр Ціхановіч адзначыў, што Баранаў ніколі не скардзіўся на сэрца. Больш за тое, ён актыўна займаўся спортам, рабіў штодзённыя прабежкі.

У нядзелю ў другой палове дня цела Дзмітрыя плануецца даставіць у жаночы манастыр у Навінках. Пахаванне, паводле папярэдняй інфармацыі, пройдзе ў панядзелак, 12 жніўня.

У Дзмітрыя Баранава засталіся бацькі і малодшы брат.

Аляксандр Ціхановіч ведаў Дзмітрыя Баранава больш чым 20 гадоў. «З яго імем звязаны такія вядомыя праекты, як „Зорны дылижанс“, „Еўрафэст“ і іншыя, якія праводзілі тэлеканалы „Беларусь 1“ і „СТВ“. Ён быў выдатным прафесіяналам, адным з найлепшых маладых прадзюсараў нашай краіны», — сказаў Ціхановіч.

Высока выказваецца аб прафесійных і чалавечых якасцях памерлага і спявачка Алена Ланская, прадзюсарам якой ён быў пры падрыхтоўцы да конкурсу «Еўрабачанне-2013». «Мая душа разрываецца на часткі. Дзіма быў адным з лепшых, самым лепшым прадзюсарам — разумным, прафесійным, адэкватным. Ён мог яшчэ так шмат даць мне і іншым выканаўцам», — сказала Ланская БелаПАН.

Дзмітрый Баранаў доўгі час працаваў на беларускім тэлебачанні. Летась ён быў звольнены з тэлеканала «Беларусь 1» пасля скандалу вакол вынікаў галасавання гледачоў на «Еўрафэсце» — нацыянальным конкурсе па адборы выканаўцы на «Еўрабачанне».

Афіцыйна ў фінале «Еўрафэсту» ў 2012 годзе перамагла Алена Ланская, але гэты вынік выклікаў неадназначную рэакцыю грамадскасці і, у прыватнасці, галоўных канкурэнтаў Ланской, гурту Litesound. Шуміха вакол нацыянальнага конкурсу выйшла на ўзровень кіраўніка дзяржавы, які распарадзіўся разабрацца, наколькі аб’ектыўна быў вызначаны пераможца конкурсу. Па выніках праверкі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прыцягненні да адказнасці шэрагу службовых асоб, якія «не прынялі належных мер па забеспячэнні аб’ектыўнага і справядлівага адбору беларускага прадстаўніка на конкурсе песні «Еўрабачанне». Вымовы былі аб’яўленыя міністру культуры Паўлу Латушку і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку, заўвагі — кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею, яго першаму намесніку Аляксандру Радзькову і віцэ-прэм’еру Анатолю Тозіку.

Лукашэнка даручыў «неадкладна звольніць асоб, вінаватых у скажэнні вынікаў галасавання ў фінале нацыянальнага музычнага праекта «Еўрафэст». У выніку быў звольнены толькі Дзмітрый Баранаў — на той час выканаўчы прадзюсар тэлеканала «Беларусь 1». Яго абвінавацілі ў падтасоўцы вынікаў галасавання, хоць многія гаварылі, што Баранава «зрабілі крайнім».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?