Віктар Юшчанка

Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка абвінаваціў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў тым, што той адмовіўся дапамагаць расьсьледаваць даўняе атручэньне Юшчанкі дыяксінам. Украінскі прэзыдэнт лічыць гэта яшчэ адным пацьверджаньнем таго, што сьляды атручвальніка вядуць у Расею.

У аўторак эўрапейскія газэты надрукавалі інтэрвію зь Віктарам Юшчанкам, у якім ён выступіў з абвінавачваньнямі на адрас Уладзімера Пуціна з нагоды свайго атручэньня дыяксінам у 2004 г. Украінскі прэзыдэнт сустрэўся з журналістамі напярэдадні, на прэс‑канфэрэнцыі. Калі гаворка зайшла аб атручэньні Юшчанкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі ўвосень 2004 г., ён заявіў францускай Le Figaro:

«Перакананы, што дыяксін, які, як устаноўлена, быў выкарыстаны пры атручэньні, выраблены ў адной з расейскіх лябараторыяў». Пры гэтым, упершыню заявіў Юшчанка, усе абставіны ўказваюць на тое, што «за атручэньнем стаіць дзяржава, а не асобы».

Не вінавацячы наўпрост расейскае кіраўніцтва, украінскі прэзыдэнт, тым ня менш, паведаміў,што Расея адмаўляецца супрацоўнічаць па справе аб атручэньні, нават нягледзячы на тое, што ён асабіста прасіў аб судзеяньні расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Гаворачы аб адсутнасьці каапэрацыі з боку Расеі, Юшчанка паскардзіўся, што Крэмль адмовіўся прадставіць украінскім сьледчым узоры дыяксіну, які вырабляецца ў расейскіх лябараторыях. Між тым, даў зразумець Юшчанка, удзел Расеі ў ягоным атручэньні ўстанаўліваецца шляхам выключэньня.

«У сьвеце ўсяго тры лябараторыі, што вырабляюць дыяксін такой формулы. Дзьве краіны (ЗША і Вялікабрытанія) прадаставілі ўзоры сваёй вытворчасьці, Расея — не. Гэта ўскладняе працу нашых сьледчых», — аргумэнтаваў украінскі лідэр.

Ён дадаў, адказваючы карэспандэнту The Times, што «вызначыць паходжаньне атрутнага рэчыва нескладана. Тут няма ніякай магіі». Паводле прэзыдэнта, афіцыйнае расьсьледаваньне справы аб атручэньні ўкраінскімі сьледчымі амаль скончанае. Устаноўленая роля ўсіх фігурантаў.

«Сьледзтва ведае, хто, калі і дзе, а таксама якая атрута выкарыстоўвалася», — сказаў Юшчанка. Тут ён ізноў указаў на Расею: «Па справе праходзяць тры асноўныя падазраваныя, і ўсе яны знаходзяцца цяпер у Расеі. Украіна накіроўвала запыт расейскай Генпракуратуры з нагоды прадстаўленьня гэтых людзей для правядзеньня расьсьледаваньня на Ўкраіне, аднак ад расейскага боку не было атрымана аніякага адказу».

Імёны асноўных падазраваных Юшчанка не назваў. Між тым, відавочна, вядзецца пра былога кіраўніка Службы Бясьпекі Ўкраіны (СБУ) Ігара Сьмяшка і ягонага былога намесьніка Ўладзімера Сацюка. Як сьцьвярджаюць украінскія сьледчыя, Юшчанка зьнявечаны амаль сьмяротнай дозай дыяксіну 5 верасьня 2004 году, павячэраўшы са Сьмяшком на лецішчы ў Сацюка. Месцазнаходжаньне Сьмяшка і Сацюка на цяперашні момант невядомае. У гэтым месяцы адвакат Сацюка заявіў украінскім СМІ, што ягоны кліент «па стане здароўя дакладна знаходзіцца ня ў Кіеве».

Заява аб тым, што галоўныя падазраваныя хаваюцца ў Маскве, была зробленая ўкраінскім прэзыдэнтам упершыню.

Аніякіх пацьверджаньняў сваім словам Юшчанка не прывёў.

Між тым у аўторак стала вядома, што расьсьледаваньне справы аб атручэньні Віктара Юшчанкі ўзначаліла старшы сьледчы па асабліва важных справах Генпракуратуры Ўкраіны Галіна Клімовіч. Пра гэта паведамілі інфармаваныя крыніцы ў Генпракуратуры. Днямі Клімовіч была пераведзеная з Адэсы ў Кіеў. Яна спэцыялізуецца на расьсьледаваньні замоўленых забойстваў. Як камэнтуе агенцтва «Новости‑Украина», Клімовіч лічыцца адным з найбольш сумленных, прафэсійных і бескампрамісных сьледчых Генпракуратуры Украіны. Менавіта яна раскрыла ў свой час злачынства крывавай адэскай банды Мар’янчука (злачыннай група арганізавала забойства рэдактара газэты «Вечерняя Одесса» Барыса Дзеравянка, замах на мэра Адэсы Эдуарда Гурвіца і на саму Клімовіч). Паводле паведамленьняў украінскіх СМІ, на жыцьцё Клімовіч замахваліся двойчы. У Кіеве яна будзе працаваць пад пастаяннай аховай.

Важна, што абвінавачваньні Віктара Юшчанкі на адрас Расеі прагучалі на пачатку выбарчай кампаніі на Ўкраіне і аналягічнага пэрыяду ў Расеі. Ужо амаль сьціхлы скандал з атручэньнем Юшчанкі можа ізноў набраць абароты таксама на фоне справы аб атручэньні ў Лёндане экс‑агента ФСБ Аляксандра Літвіненкі. У мінулыя тыдні Лёндан зьнізіў узровень супрацоўніцтва з Расеяй, абвінаваціўшы Крэмль у недастатковай каапэрацыі.

Gazeta.ru, пераклад з расейскай — «Нашай Нівы»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0