Юры Дракахруст з «Радыё Свабода» падабраў, на маю думку, самую трапную мэтафару для сытуацыі, у якой апынулася беларускае незалежнае грамадзтва датычна калійнага канфлікту Лукашэнкі і расейцаў (пра сутнасьць самога канфлікту як канфлікту двух аднолькава несымпатычных бакоў я згаджуся з расейскім палітолягам Бялкоўскім).

Вось што піша пан Дракахруст:

«Некаторыя людзі ў СССР у 1941 годзе ўсьведамлялі сабе дылему: так, Сталін — тыран, так, Сталін толькі што заключаў дамову з Гітлерам і сам часткова быў вінаваты ў нападзе. Але ў момант нападу — на чыім баку быць?

Дзе сканчаецца Сталін і дзе пачынаецца Радзіма?»

І, о так, паглядзіце на размаітую рэжымную абслугу, якая ў Фэйсбуку ўжо перастала дбаць пра хоць бы вонкавую ілюзію неляяльнасьці да Лукашэнкі: Радзіма ў небясьпецы! Идёт война народная, священная война! Хто не займае бок рэжыму ў гэты адказны для Бацькаўшчыны момант, той уласавец і касмапаліт!

Маўляў,

забудзьце на сэкунду пра палітвязьняў, забітых палітыкаў, русыфікацыю, цэнзуру і дваццаць гадоў разьвіцьця, якія краіна згубіла дзякуючы Лукашэнку. Вы знаете, кто этот мощный старик? Это гигант мысли и абаронца беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

У заходняй паліталёгіі гэта называецца rally 'round the flag effect, «эфэкт гуртаваньня вакол сьцяга» — сытуацыя, калі ўнутраныя супярэчнасьці павінны адысьці на другі плян на фоне вонкавай небясьпекі. На апазыцыйнай супольнасьці гэтая схема была рэжымнымі стратэгамі гэтым разам адпрацаваная на «выдатна»:

апазыцыя расколатая, прычым палова знайшла, за што падтрымаць Лукашэнку. Нават я.

Бо я цалкам вітаю рашэньне Лукашэнкі абвесьціць Керымава ў міжнародны вышук: гэта эскаляцыя канфлікту, а распальваньне вайны паміж Лукашэнкам і Крамлём — на карысьць Беларусі.

Добра, што ў выніку можа пачацца чарговая квазі-адліга, вызваленьне палітвязьняў (супадзеньне ці не — але яно адбываецца перад нашымі вачыма) і чарговая спроба дрэйфа на Захад. Чым у сьнежні 2010 года скончылася папярэдняя «адліга», многія, напэўна, памятаюць, але можна спадзявацца, што ад гэтых сталых дрэйфаў туды-сюды нешта ў гэтым праклятым рэжыме, нарэшце, разгойдаецца і зламаецца.

Таксама пазытыўна (хаця і прашу прабачэньня за цынізм), што

гэтым разам не расейскі актывіст-лібэрал, не праваабаронца і не журналіст, а прадстаўнік найвышэйшай расейскай бізнэс-эліты на ўласным вопыце адчувае на сабе, напэўна, найбольш непрыемны бок лукашэнкаўскай Беларусі.

Гэта яўна зробіць нашмат больш з эмацыйнага пункту гледжаньня некамфортным для расейскага істэблішмэнту і надалей ціснуць Лукашэнку руку, яўна павялічыць матывацыю паспрыяць пераменам у Беларусі.

Так што ўсё гэта надае аптымізму. І ёсьць за што падтрымаць як Лукашэнку, так і Керымава. Адначасова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?