Photo.bymedia.net.
Дакумент мае назву «Аб папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод супрацоўнікаў і грамадзянскага персаналу органаў унутраных справаў Рэспублікі Беларусь, вайскоўцаў і грамадзянскага персаналу ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь».
Ён акрэслівае меры па барацьбе са шкоднымі звычкамі сярод праваахоўнікаў.
«Ні цыгарэта, ні, тым больш, алкаголь несумяшчальныя са званнем супрацоўніка міліцыі і ваеннаслужачага Унутраных войскаў!
Меры па барацьбе з гэтымі негатыўнымі з’явамі прадпрымаліся кіраўніцтвам МУС і раней — у форме розных комплексаў практычных і арганізацыйных мер. Новы загад таксама змяшчае нямала такіх, праўда, у адрозненне ад ранейшых яны гранічна канкрэтызаваны», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы міністэрства.
Цяпер адміністратыўныя будынкі АУС, злучэнняў і вайсковых частак унутраных войскаў і прылеглыя да іх тэрыторыі абвешчаныя зонамі, вольнымі ад палення. Спецыяльна абсталяваныя для курцоў месцы рэкамендуецца размяшчаць на максімальна магчымым аддаленні ад іх.
Міліцыянтам і вайскоўцам, якія падпарадкоўваюцца МУС, забаронена курыць у форме. Парушальнікаў будуць прыцягваць да дысцыплінарнай ці адміністратыўнай адказнасці.
Меркаванні адносна новай пастановы разыходзяцца, у тым ліку і сярод саміх міліцыянтаў. Адны лічаць, што крок правільны: сілавікі павінны быць узорам здаровага ладу жыцця, а курэнне абніжае фізічныя здольнасці байца. Другія ўважаюць, што такі загад парушае правы міліцыянта як грамадзяніна.
Бо ж забарона курыць у форме і на працы азначае, што чалавека змушаюць кінуць паліць нават проці ягонай волі. Для курэння проста не застаецца магчымасці. Не можа ж курэц пераапранацца для перакуру.
А як мяркуеце Вы? Выказвайцеся ў каментах да гэтага артыкула.





