Фота АР.
Кампанія па зборы ахвяраванняў для бяздомнага жыхара амерыканскага Бостана, які перадаў паліцыі знойдзены ім заплечнік з грашыма, сабрала ўжо больш за $110 тысяч.
Глен Джэймс звярнуўся ў паліцыю ў канцы мінулага тыдня пасля таго, як знайшоў заплечнік з наяўнымі грашыма і дарожнымі чэкамі на суму ў $42 тысячы.
Паліцыя адшукала ўладальніка грошай, паведамляе Бі-Бі-Сі.
27-гадовы жыхар штата Вірджынія Ітан Уіцінгтан які даведаўся пра сумленны ўчынак Джэймса з прэсы, пачаў анлайн-кампанію па зборы грошай для бяздомнага.
Зараз Уіцінгтан, які жыве за 800 км ад Бостана ў горадзе Мідлатыян, плануе сустрэцца з Джэймсам і перадаць яму грошы. Па словах актывіста, ён быў настолькі ўражаны учынкам Джэймса, што вырашыў дапамагчы яму.
«Тое, што ён у такой жыццёвай сітуацыі, быўшы бяздомным… мяне да глыбіні душы ўразіла, што ён змог зрабіць гэта», — цытуе Уіцінгтана агенцтва Асашыэйтэд Прэс.
Паводле яго слоў, вестка пра заклік ахвяраваць грошы «разнеслася вокамгненна».
«Гэта прынесла мне пачуццё надзеі. Гэта не толькі дзеля таго, каб узнагародзіць добрага хлопца. Я думаю, гэта пасланне кожнаму ў Амерыцы, — лічыць Уіцінгтан. — Калі мы аб'ядноўваемся і разам працуем для дасягнення чагосьці, тады гэта можа атрымацца».
54-гадовы Джэймс, у мінулым працаваў у судзе, стаў бяздомным ў 2005 годзе. Як ён распавёў СМІ Бостана, ён не можа знайсці новую працу з-за хваробы ўнутранага вуха, якая выклікае прыступы галавакружэння і страту раўнавагі.
«Я проста хацеў бы падзякаваць вам за тое, што вы так добрыя да мяне, — сказаў Джэймс Уіцінгтану ў тэлефоннай размове. — Гэтыя ахвяраванні дапамогуць мне пачаць зусім новае жыццё».
Бяздомны заявіў, што не захаваў бы для сябе «ні цэнта» са знойдзеных грошай — нават калі б быў у роспачы.





