Віцебскага доктара Ігара Пастнова 20 верасня перавялі з рэжыму пастаяннага ўтрымання ў псіхіятрычнай бальніцы на дзённы стацыянар, паведамляе БелаПАН.
«Я яшчэ абсалютна не вызвалены, а пераведзены на дзённы стацыянар і павінен пастаянна туды з’яўляцца, гэта значыць як бы вызвалены „ўмоўна-датэрмінова“.
Але самае галоўнае — спынілі псіхіятрычнае лячэнне. Мяне там больш за ўсё прыгнятала лячэнне псіхатропамі», — сказаў Пастноў.
Ігар Пастноў апынуўся на лячэнні ў псіхіятрычнай бальніцы пасля свайго апошняга відэавыступлення ў інтэрнэце.
Ён выказаў крытычныя меркаванні аб стане віцебскай медыцыны, прымусовым кадзіраванні ад алкагалізму, а таксама заявіў, што яго запалохваюць прымусовым псіхіятрычным лячэннем.
16 жніўня Пастнова забралі ў лячэбніцу з працы.
29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасць прызнаць Ігара Пастнова вязнем сумлення.
«Затрыманне Ігара Пастнова магло быць неабгрунтаваным з-за выказвання ім законнай крытыкі сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці. Калі гэта так, то „Міжнародная амністыя“ будзе лічыць яго вязнем сумлення», — гаварылася ў заяве праваабарончай арганізацыі.





