Былога сакратара камітэта Кампартыі Кітая ў горадзе Чунцын Бо Сілая ў нядзелю, 22 верасня, прысудзілі да пажыццёвага зняволення.

Раней суд у горадзе Цзінань прызнаў Бо Сілая вінаватым паводле ўсіх артыкулаў. Палітык абвінавачваўся ў карупцыі, хабарніцтве і злоўжыванні паўнамоцтвамі. Паводле следства, супрацьпраўнымі дзеяннямі Бо Сілаю ўдалося атрымаць каля 4,3 млн даляраў.

Бо Сілай лічыўся адным з найбольш папулярных і перспектыўных палітыкаў у Кітаі. Ён стаяў на мааісцкіх, дэманстратыўна левых пазіцыях. Аднак у сакавіку 2012 года яго знялі з пасады сакратара камітэта КПК Чунцына, выключылі з партыі і пазбавілі месца ў парламенце краіны.

За год да гэтага былы кіраўнік паліцыі Чунцын Ван Ліцзюн заявіў, што жонка Бо Сілая Гу Кайлай датычная да забойства брытанскага бізнэсмэна Ніла Хейвуда. Пасля гэтага і Гу Кайлай, і Ван Ліцзюн былі арыштаваныя. Першую прысудзілі да смяротнага пакарання з адтэрміноўкай на два гады, а другі атрымаў 15 гадоў турмы за дзяржаўную здраду і іншыя злачынствы.

64-гадовы Бо Сілай адмаўляў сваю віну.

Паводле яго слоў, Ван Ліцзюн абгаварыў яго, а жонка, якая дала супраць яго паказанні, была «ненармальнай». Працэс над былым палітыкам пачаўся 22 жніўня і доўжыўся ўсяго некалькі дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0