У наступным годзе стаўку падатку на дададзеную вартасць плануецца павялічыць з 20% да 22%. Гэта прадугледжана новай рэдакцыяй законапраекта аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс, якую абнародавала Міністэрства фінансаў.

Такім чынам, прапанова аб павелічэнні падатку на дададзеную вартасць у наступным годзе, супраць якой выступалі прадстаўнікі бізнес-саюзаў, застаецца ў сіле.

Як адзначаецца ў абгрунтаванні да законапраекта, прапанова аб павышэнні стаўкі ПДВ у наступным годзе падрыхтавана ў рамках працы па прыцягненні ў бюджэт дадатковых паступленняў. Па ацэнках Мінфіна, павышэнне стаўкі ПДВ прывядзе да павелічэння падатковай нагрузкі на імпарт, у тым ліку спажывецкі.

Згодна з законапраектам аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс, у наступным годзе таксама плануецца знізіць стаўку падатку на прыбытак з цяперашніх 18% да 15%.

У абгрунтаванні да законапраекта Мінфін адзначае, што ў выніку памяншэння велічыні падатку на прыбытак знізіцца падатковая нагрузка на экспарцёраў (якія пры экспарце тавараў прымяняюць нулявую стаўку ПДВ).

Нагадаем, што ў першапачатковай рэдакцыі (ліпеньскай) законапраекта аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс прапаноўвалася знізіць падатак на прыбытак у наступным годзе яшчэ больш — да 12%.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі бізнес-асацыяцый не падтрымліваюць прапанову аб павелічэнні ПДВ у наступным годзе да 22% і накіроўвалі ў жніўні ліст прэм’ер-міністру Беларусі, міністру фінансаў і міністру па падатках і зборах, у якім адлюстравалі сваю пазіцыю.

«Павелічэнне стаўкі ПДВ адаб’ецца на суб'ектах гаспадарання, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання з выплатай ПДВ. У іх адсутнічае выплата падатку на прыбытак, затое павялічаная на 2 пункты выплата ПДВ многіх прывядзе да банкруцтва. Арганізацыям, якія прымяняюць агульнаўстаноўлены парадак падаткаабкладання і плацяць падатак на прыбытак, гэты прыбытак трэба яшчэ зарабіць», — адзначалася ў лісце бізнес-саюзаў.

Прадстаўнікі дзелавой супольнасці звярнулі ўвагу, што стаўка ПДВ у Беларусі (20%) цяпер і так вышэйшая, чым у іншых краінах Адзінай эканамічнай прасторы — Казахстане (12%) і Расіі (18%).

«Калі мы хочам увайсці ў трыццатку вядучых краін па ўмовах вядзення бізнесу, нам неабходна паступова зніжаць падатковую нагрузку на эканоміку краіны», — падкрэслівалі прадстаўнікі бізнес-асацыяцый у лісце, накіраваным уладам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?