Былы палітзняволены Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі № 1 Светлагорска (Гомельская вобласць), паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Як стала вядома праваабаронцам, Парфянкоў быў пераведзены ў Светлагорск з мінскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) 21 верасня. Высветлілася таксама, што рашэнне накіраваць грамадскага актывіста ў ЛПП было прынята судом Першамайскага раёна Мінска 4 верасня ў яго адсутнасць.

Тым самым, адзначаюць праваабаронцы, суд парушыў ч. 4 арт. 393–9 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса Беларусі, дзе прапісана: «Заява аб накіраванні грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца на працягу 10 дзён з дня яго паступлення ў суд з абавязковым удзелам прадстаўніка органа ўнутраных спраў, пракурора, грамадзяніна, заява аб накіраванні якога ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца судом». Частка 6 гэтага артыкула гаворыць: «У выпадку ўхілення грамадзяніна, заява аб накіраванні якога ў лячэбна-працоўны прафілакторый разглядаецца судом, ад яўкі ў суд ён можа быць прыведзены туды».

Праваабаронцам невядома, ці было рашэнне суда выдадзена на рукі Васілю Парфянкову. Але тэрміны, у якія ён мог абскардзіць яго у касацыйным парадку, ужо прайшлі. Акрамя таго, саму практыку прымусовай ізаляцыі грамадзян у ЛПП па-за крымінальным пераследам праваабаронцы разглядаюць як парушэнне правоў чалавека.

Фігуранты крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года ў Мінску Васіль Парфянкоў і Уладзімір Яроменак былі асуджаныя 16 верасня на 5 сутак арышту за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 24.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях) і змешчаны ў ЦІП.

Абодва павінны былі вызваліцца 21 верасня, аднак выйшаў з ЦІП толькі Яроменак. Тады ж з’явіліся чуткі аб накіраванні Парфянкова ў адзін з ЛПП.

Трэба адзначыць, што Парфянкоў і Яроменак на гэты момант знаходзяцца яшчэ і пад крымінальным пераследам — таксама за парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 КК). Па гэтым артыкуле Яроменак быў асуджаны 20 жніўня на 3 месяцы арышту. Дата суда над Парфянковым пакуль невядомая.

У 2011 годзе Парфянкоў і Яроменак былі асуджаныя ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Яроменку прыгаварылі да 3 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Парфянкова — да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. У жніўні 2011 года абодва выйшлі на волю на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні.

Праваабаронцы прызналі Парфянкова і Яроменку палітычнымі зняволенымі. Цяперашні пераслед былых палітзняволеных праваабаронцы разглядаюць як помсту і спробу ціску на іх з боку ўлад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?