Беларусь абмяркоўвае з ААТ «НК» Роснефть» розныя варыянты супрацоўніцтва, уключаючы надаванне гэтай кампаніі з 2014 года функцыяй эксклюзіўнага пастаўшчыка нафты ў краіну, паведаміла агенцтву «Прайм» крыніца ў беларускіх органах дзяржкіравання.

«На дадзеным этапе абмяркоўваюцца працоўныя версіі. Па адной з іх мяркуецца, што расійская кампанія ў наступным годзе будзе пастаўляць палову ўсяго аб’ёму нафты, якая імпартуецца з Расіі ў Беларусь.

Другую палову будуць закупляць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы самастойна», — сказаў суразмоўца агенцтва. Паводле яго слоў, такая прапорцыя закупак для давальніцкай і самастойнай перапрацоўкі з’яўляецца для беларускіх НПЗ найбольш эфектыўна, і ў цэлым гэтая схема прывабная для беларускага боку.

Іншы варыянт, які абмяркоўваецца ў дадзены момант, — гэта надзяленне «Роснефті» статусам эксклюзіўнага пастаўшчыка, сказала крыніца.

«Адзінае, што выклікае пэўныя пытанні, — манапольны пастаўшчык. Калі пастаўшчыкоў некалькі, прасцей дамаўляцца па цэнах і іншых пытаннях. Тым не менш, калі ўсе ўмовы агаварыць пры падпісанні кантракту, падобных страхаў можна пазбегнуць», — адзначыў суразмоўца.

Прэс-служба канцэрна «Белнафтахім» па выніках праведзеных 16 верасня перамоў прэзідэнта «Роснефті» Ігара Сечына і старшыні канцэрна Ігара Жыліна паведаміла, што «Белнафтахім» і «Роснефть» дамовіліся аб пастаўках нафты на беларускія НПЗ да канца 2013 года, а таксама ў 2014 годзе.

Бакі сфармавалі рабочыя групы, якія павінны садзейнічаць рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцей. У маі Сечын казаў, што «Роснефть» пастаўляе прыкладна палову нафты, якая перапрацоўваецца на беларускіх заводах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?