Ад знаёмага чыноўніка, які займаецца пытаннямі развіцця турызму, я пачуў, што ў нашай краіне грамадзянам ЕС няма чаго глядзець і купляць. Мне зрабілася прыкра. Не за народ, а за дзяржаву крыўдна.

Людзі як людзі, яны ва ўсім свеце аднолькавыя. Гэта цалкам натуральна для чалавека — узяць ды адмовіцца ад свайго на карысць кагосьці мацнейшага. Усе гэтыя чыноўнікі не вераць у тое, што робяць. Для іх Беларусь — бессэнсоўны праект. Маркотная камедыя, за ўдзел у якой ім плацяць добрыя грошы.

Наш чыноўнік ведае, як з дапамогай утоенага хабару прадаць трактар чыноўніку з краіны трэцяга свету. Але ці можа наш чыноўнік, які ў Беларусі пастаўлены вышэй за бізнэсоўца і вышэй за ўвесь паспаліты люд, уявіць сабе грамадзяніна ЕС — паляка, немца ці літоўца, — які займаецца шопінгам у беларускіх крамах? Не, ён не ў стане гэтага зрабіць. Яму прасцей адабраць апошнюю кашулю ў тутэйшага, чым стварыць добрыя ўмовы для міжнароднага гандлю.

Планаванае ўвядзенне 100-даляравых мытаў для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ездзяць на шопінг у Польшчу і Літву, — найлепшае пацверджанне правалу эканамічнай палітыкі сённяшніх уладаў Беларусі.

Замест таго, каб абмяжоўваць выезд нашых людзей, лепш бы падумалі, як завабіць у нашы крамы літоўцаў, палякаў, украінцаў.

Што палякі й літоўцы маглі б купляць у Беларусі? Насамрэч, ёсць вельмі шмат тавараў, якія грамадзяне ЕС маглі б вывозіць з Беларусі, пакідаючы ў нашай краіне мільёны еўра.

Цікавасць у еўраспажыўцоў выклікаюць тавары, якіх няма ў заходніх гандлёвых сетках. Гэта эксклюзіўныя тавары ўсходнееўрапейскіх фірмаў, на якія існуе попыт, але няма масавай прапановы.

Перш за ўсё, гэта расійская натуральная біякасметыка.

Зацікаўленага еўраспажыўца немагчыма падмануць, узяўшы звычайны шампунь і напісаўшы на ім BIO. Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, якое паўстала ў краінах ЕС, спажыўцы вельмі хутка абменьваюцца інфармацыяй аб складзе і якасці прадуктаў праз інтэрнэт. Калі на еўрарынку з’яўляецца дрэнны прадукт, то ўжо на наступны дзень усе зацікаўленыя спажыўцы ведаюць, што гэта дрэнны прадукт і купляць яго не варта.

Еўраспажыўцы шукаюць касметыку, якая не ўтрымлівае ў сваім складзе моцных мыйных сродкаў, напрыклад, SLS (Sodium Lauryl Sulfate) і SLES (Sodium Laureth Sulfate), цяжкіх сіліконаў з групы Dimetykon, тэхнічнага спірту (alcohol denat.), парабэнаў і іншых штучных кансервантаў, растваральнікаў тыпу PEG (Polyethylene glycol), мінеральных алеяў з нафты (Mineral Oil), парафінаў (Paraffimum Liquidum), парфумаў (Parfum), фармальдэгідаў (Formaldehyd).

Найбольш пажаданая для еўраспажыўцоў касметыка, якая амаль цалкам складаецца з натуральных эфірных алеяў і экстрактаў лекавых раслін ды не ўтрымлівае шкодных інгрэдыентаў.

На жаль, беларускім касметычным фірмам няма чаго прапанаваць еўраспажыўцам, за рэдкім выключэннем. Напрыклад, беларуская фірма KARALI прапануе вельмі файнае шляхетнае мыла. Але ёсць процьма расійскіх касметычных ліній, якія адпавядаюць высокім патрабаванням грамадзян ЕС, гэта Natura Siberica, Baikal Herbals, «Секреты Бабушки Агафьи» і іншыя.

Беларускія крамы маглі б зарабляць на перапродажы расійскай біякасметыкі суседзям з аб'яднанай Еўропы. Рэч у тым, што ў ЕС гэтая касметыка каштуе у 2–5 разоў даражэй, чым у Беларусі, бо праходзіць абавязковую сертыфікацыю і з’яўляецца эксклюзіўнай. Еўраспажыўцы маглі б купляць гэтую касметыку ў Беларусі значна танней, таму прыязджалі б у Беларусь на шопінг.

Таксама спажыўцоў з ЕС маглі б зацікавіць беларускі квас, чыпсы ў пласцінках, беларускія цукеркі і печыва, глазураваныя сыркі, мінеральная вада, халва са сланечніку (у крамах ЕС ёсць толькі кунжутная халва) і шмат іншых прадуктаў. Быў бы попыт і на беларускую вопратку, і на традыцыйныя ручныя вырабы рамеснікаў.

Проста трэба вызваліць беларускі рынак і адкрыць яго для грамадзян аб’яднанай Еўропы!

Для скептыкаў дадам, што на ўласныя вочы бачыў натоўпы немцаў, якія кожную суботу і нядзелю робяць закупы ў польскіх прымежных гіпермаркетах. Дык чаму, калі немцы ездзяць на закупы ў Польшчу, палякі і літоўцы з латышамі не ездзілі б у Беларусь? Ездзілі б напэўна, толькі трэба ўмовы стварыць для гэтага.

Пры мяжы з Польшчай у Брэсце і Гродне, а таксама пры літоўскай і латышскай мяжы трэба збудаваць гіпермаркеты з цікавымі для еўраспажыўцоў таварамі. Мабілізаваць дыпламатаў і турыстычныя фірмы ў ЕС. Зрабіць рэкламу.

І галоўнае — увесці для грамадзян аб’яднанай Еўропы бясплатныя візы «на закупы», якія можна было б атрымаць проста на мяжы без стрэсу і бюракратыі. Толькі ці ёсць у цяперашняй улады жаданне рабіць для беларусаў што-небудзь сапраўды карыснае? Асабіста я ў гэтым сумняюся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?