На капітальным рамонце жылога фонду краіны эканоміць нельга, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на праведзеным у панядзелак на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што ўрад Беларусі выказвае занепакоенасць недастаткова адказнымі адносінамі з боку Мінгарвыканкама, аблвыканкамаў, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў па захаванасці і рамонту жылога фонду.

«На капітальны рамонт, рэканструкцыю, мадэрнізацыю жылля можна было б затрачваць менш, калі б належным чынам ажыццяўляліся рамонтныя работы як па бягучым утрыманні, так і па капрамонце. Незавершаны рамонт — гэта вельмі дрэнная тэндэнцыя, на гэтым эканоміць нельга, бо потым даводзіцца траціць больш», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Як паведаміў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Андрэй Шорац, у адпаведнасці з праграмай развіцця ЖКГ Беларусі да 2015 года сёлета павінны быць забяспечаны ўвод 2 млн.кв.м агульнай плошчы жылля пасля капітальнага рамонту і цеплавой мадэрнізацыі і выхад да 2016 года на штогадовы аб’ём 3 млн.кв.м. Разам з тым за студзень-жнівень гэтага года ў цэлым па краіне ўведзена ў эксплуатацыю пасля капрамонту і цеплавой мадэрнізацыі 587,6 тыс.кв.м, што складае 30% ад гадавога задання і 68% да задання на дзевяць месяцаў. На выкананне гэтых відаў работ за студзень-жнівень накіравана Br1,208 трлн., з якіх 66% — бюджэтныя сродкі.

Для вырашэння праблемных пытанняў арганізацыі і правядзення капрамонту жылфонду, выяўлення і прыняцця мер па аб'ектах-даўгабудах створана і зацверджана намеснікам прэм’ер-міністра Анатолем Калініным адпаведная міжведамасная камісія.

Ёю быў праведзены пааб’ектны аналіз праграм капітальнага рамонту абласцей і Мінска. «Аналіз выканання заданняў сведчыць, што адной з асноўных прычын нізкіх тэмпаў уводу жылля з’яўляецца незахаванне нарматыўных тэрмінаў капітальнага рамонту. З 656 жылых дамоў, уключаных у спісы на 2013 год, парушэнне нарматыўных тэрмінаў на 1 жніўня было па 165 жылых дамах, што складала больш як 25 працэнтаў ад агульнай колькасці аб’ектаў, уводзімых у гэтым годзе. За паўтара месяца гэтага года прыняты меры і завершана работа на 43 аб’ектах.

Такім чынам, па стану на 1 верасня існуюць 122 праблемныя аб’екты, або 19% ад іх агульнай колькасці», — адзначыў Андрэй Шорац. Такія жылыя дамы выведзены ў асобныя спісы з пазначэннем тэрмінаў завяршэння работ, вызначаны адказныя службовыя асобы за выкананне тэрмінаў. «Аднак па запэўніваннях намеснікаў старшынь аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама ўсе праблемныя жылыя дамы будуць уведзены пасля капрамонту да 31 снежня», — дадаў міністр.

Кіраўнік ведамства праінфармаваў, што праведзена работа па вывадзе бягучага рамонту з затрат, якія адносяцца на тэхнічнае абслугоўванне.

Гэтыя прынятыя меры даюць магчымасць кантраляваць і кіраваць арганізацыяй тэхнічнага абслугоўвання жыллёвага фонду, ствараюць перадумовы для ўкаранення падамавога ўліку затрат.

Таксама для ўдасканалення заканадаўства ў сферы кіравання агульнай маёмасцю сумеснага домаўладання Мінжылкамгасам былі падрыхтаваны змяненні і дапаўненні ва ўказ ад 14 кастрычніка 2010 года № 538 «Аб некаторых пытаннях дзейнасці таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў», якія знаходзяцца на разглядзе ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Міхаіл Мясніковіч у сваю чаргу даручыў з 2015 года ажыццяўляць капітальны рамонт жылых дамоў толькі з іх мадэрнізацыяй і цеплавой рэабілітацыяй.

«Вялікія цеплавыя страты ў жыллі, асабліва ў тым, якое пабудавана 20–30 гадоў таму. Таксама пры капрамонце павінна праводзіцца адпаведная мадэрнізацыя, гэта значыць рамонт мансардных надбудоў, прыбудоў, інжынернага абсталявання, а галоўнае — увод уліку цеплавой энергіі. Сёння пры гарызантальнай сістэме ацяплення кожны можа паставіць лічыльнік у шматкватэрным жылым доме і разлічвацца з арганізацыяй за фактычна спажыты аб’ём цяпла», — падкрэсліў ён.

Таксама кіраўнік беларускага ўрада даручыў падрыхтаваць неабходныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгламентуюць пытанні капрамонту, актывізаваць у краіне ажыццяўленне капітальнага рамонту, каб выканаць заданне, устаноўленае на 2011–2015 гады, а таксама праводзіць работу па стварэнні таварыстваў уласнікаў.

На пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў абмяркоўвалася і выкананне ўказа Прэзідэнта ад 4 ліпеня 2012 года № 294 «Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю». Старшыня Дзяржкаммаёмасці Георгій Кузняцоў паведаміў, што ў адпаведнасці з распараджэннем прэм’ер-міністра былі створаны рабочыя групы, якімі выяўлены 276 невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомай маёмасці агульнай плошчай 133 476 кв.м. У сувязі з гэтым вырашана да 31 снежня бягучага года прыняць меры па ўключэнню гэтых невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомай маёмасці, замацаваных за рэспубліканскімі і камунальнымі юрыдычнымі асобамі, у гаспадарчы абарот.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?