24 верасня лідару Руху «За свабоду», экс-кандыдату ў прэзідэнты на выбарах-2006 Аляксандру Мілінкевічу зрабілі аперацыю.

Хірургічнае ўмяшальніцтва спатрэбілася, каб пазбавіцца ад наступстваў спартовай траўмы. Аляксандр Мілінкевіч быў чэмпіёнам БССР па баскетболе. А ў 1996–1997 гадах прэзідэнтам баскетбольнага клуба «Гродна-93», шматразовага чэмпіёна краіны.

Аперацыю зрабілі на тазасцёгнавым суставе (гаворка пра замену яго частак). Аналагічную аперацыю палітыку рабілі чатыры гады таму, толькі на іншай назе.

«Мы не робім таямніцы са стану здароўя лідара арганізацыі. Гэта нармальная рэч у дэмакратыях датычна і кіраўніка краіны, і астатніх публічных палітыкаў. Я ўжо гаварыў з Аляксандрам Мілінкевічам пасля аперацыі. Пачуваецца ён добра. Праз пяць дзён яго выпішуць са шпіталю ў польскім Уроцлаве.

Рэабілітацыя пасля аперацыі будзе адбывацца ў Беларусі — у Брэсце», — распавёў першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

З актыўнага палітычнага жыцця лідар Руху выпадзе на некалькі месяцаў. Але, па словах, Губарэвіча, на дзейнасці арганізацыі гэта істотна не адаб'ецца. Да ўсяго, адзначае Ю.Губарэвіч, аперацыя зроблена ў палітычнае міжсезонне — яна дазволіць Аляксандру Мілінкевічу быць у форме напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў-2015.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?