Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані заявіў, што Халакост як злачынства, якое здзейснілі нацысты, «варты асуджэння». Сваё меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю амерыканскаму тэлеканалу CNN падчас сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

«Я не гісторык… але магу сказаць, што любое злачынства супраць чалавечнасці, у тым ліку тое, якое здзейснілі нацысты як супраць яўрэяў, так і супраць неяўрэяў, варта асуджэння», — заявіў Раўхані. Ён адказваў на прамое пытанне журналісткі Крысціян Аманпур, якая нагадала, што яго папярэднік на пасадзе прэзідэнта Ірана Махмуд Ахмадзінежад неаднаразова заяўляў, што Халакост з’яўляецца міфам.

Адначасова Раўхані падкрэсліў, што не лічыць, што такога роду гістарычныя падзеі даюць права той ці іншай нацыі захопліваць чужыя землі і выцясняць адтуль людзей.

Раней Раўхані выступіў перад удзельнікамі Генеральнай асамблеі ААН, заявіўшы, што не імкнецца да абвастрэння адносін паміж Іранам і іншымі краінамі.

Ён адзначыў, што гатовы да неадкладных перамоваў з нагоды ядзернай праграмы сваёй краіны, падкрэсліўшы, што яна носіць мірны характар. Акрамя таго, Раўхані заявіў, што міжнародныя санкцыі супраць Ірана занадта жорсткія і што ад іх пакутуюць не «палітычныя эліты», а «простыя людзі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?