Прысудам суда Чыгуначнага раёна Гомеля непаўналетняя была прызнана вінаватай ва ўчыненні крадзяжу і ёй прызначаныя прымусовыя меры выхаваўчага характару ў выглядзе змяшчэння ў спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову (спецПТВ) тэрмінам на 2 гады. Вырак набыў законную моц.

Як паведаміла старшы памочнік пракурора Чыгуначнага раёна Гомеля Вераніка Некрашэвіч, падлетак у сакавіку 2013 года выкрала залатыя вырабы ў сваёй маці. Вырабы яна прадала, а грошы патраціла на ўласныя патрэбы.

«Стаміўшыся змагацца з некіраванай дачкой, маці звярнулася па дапамогу да праваахоўнікаў. Па гэтым факце была распачата крымінальная справа.

У судзе маці патлумачыла, што на працягу апошняга года яе дачка перастала прыходзіць дамоў начаваць і наведваць школу, пастаянна наладжвала скандалы», — сказала памочнік пракурора.

Сям’я была пастаўлена на ўлік у ІСН і неаднаразова разглядалася на пасяджэннях камісіі. Дачка стала некіраванай і на прафілактычныя мерапрыемствы не рэагавала.

У судзе дачка прасіла маці дараваць ёй, абяцала выправіцца, а маці ўпрошвала суд пазбавіць яе ад дачкі і накіраваць яе ў спецыяльную навучальна-выхаваўчую ўстанову.

Судом было прынята рашэнне адкласці разбор па справе, аднак на наступнае судовае пасяджэнне непаўналетняя не з'явілася.

Паводле слоў маці, пасля судовага пасяджэння дачка адпомсціла маці, разграміўшы кватэру (разбіла шыбы, пашкодзіла дзверы, разбіла слоікі з кансерваванымі прадуктамі), пасля чаго, сабраўшы свае рэчы, плюнула маці ў твар і сышла.

Судом быў аб’яўлены прывод непаўналетняй. У ходзе судовага следства непаўналетняя зноў маліла дараваць. Па прыгаворы суда 2 гады яна правядзе ў спецПТВ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?