24 верасня 100 гадоў споўнілася паэту Сяргею Грахоўскаму. Ён нарадзіўся ў мястэчку Нобель Пінскага павета, але гадаваўся ў Глуску на Магілёўшчыне.
Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ.
У 1936 арыштаваны супрацоўнікамі НКВД і асуджаны як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў. Нейкі час знаходзіўся ва Унжэнскім канцлагеры Горкаўскай вобласці.
Вызвалены ў кастрычніку 1946. Праз год — знятая судзімасць. Аднак у 1949 арыштоўваюць паўторна. Асуджаны да пасяленняў у Новасібірскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1955. Па вяртанні ў Мінск працаваў у часопісах «Вясёлка» і «Бярозка».
Памёр у снежні 2002 года.
Сцюжы
Ад сцюжы сэрца халадзела
І прамярзала навылёт,
Шурпацела, як тарка, цела,
Не раставаў на вейках лёд.
Не сунімалася завея,
Збівала і валіла з ног,
Здавалася — душа сівее,
А праведных карае Бог.
За паслушэнства і бязволле,
За непавагу да сябе,
За абыякавасць да болю,
Да гругана, што лоб дзяўбе.
А сцюжы? Сцюжы лютавалі,
Сляпілі вочы ледзяшы,
І часам рэбры прыставалі
Да пасівелае душы.
Я так настрыг у маладосці
І навучыўся так цярпець,
Што толькі спадзяюся косці
У крэматорыі пагрэць.
Больш вершаў на сайце, прысвечаным паэту.





