Аляксандр Лукашэнка не выключае вяртання да ранейшага механізму аплаты бальнічных лістоў. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «БелАЗ».

«Мы можам вярнуцца да таго, што было, — сказаў ён. — Але не трэба спяшацца, давайце паглядзім, што атрымаецца (з новага механізму). Калі гэта будзе на шкоду людзям і сацыяльнай палітыцы, тады адменім».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець варыянт аказання захварэламу работніку матэрыяльнай падтрымкі непасрэдна тым прадпрыемствам, на якім ён працуе. «А там, на прадпрыемстве, разбяруцца, каго падтрымаць», — сказаў ён.

Нагадаем, што 11 ліпеня было ўведзена ў дзеянне новае Палажэнне аб парадку забеспячэння дапамогамі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах, зацверджанае пастановай Савета Міністраў № 569 ад 28 чэрвеня 2013 г.

Так, з 11 ліпеня за першыя 12 дзён дапамога разлічваецца ў памеры 80% ад сярэдняга заробку (раней было — 6 дзён ў памеры 80%, а наступныя — 100%).

Дапамога па доглядзе за хворым членам сям’і, як і раней, разлічваецца ў памеры 100%. Але сам разлік сярэдняга заробку істотна змяніўся. Раней сярэдні заробак за дзень разлічваўся за апошнія 2 месяцы дзяленнем даходу за гэты перыяд на фактычна адпрацаваную колькасць дзён. Пры гэтым ужываліся павышаючыя каэфіцыенты, калі аклад (тарыф) у дадзены перыяд павышаўся.

Цяпер жа сярэдні заробак разлічваецца зыходзячы з заробку за шэсць месяцаў без усялякіх каэфіцыентаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна