У Беларусі ўводзіцца ліцэнзаванне на тэле- і радыёвяшчанне. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 456 ад 7 кастрычніка, які ўносіць змяненні і дапаўненні ў некаторыя ўказы. Тэкст дакумента апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Да прыняцця гэтага ўказа вяшчанне ў Беларусі не ліцэнзавалася.
Паводле дакумента, не патрабуецца атрымання ліцэнзіі ў выпадку, калі вяшчанне тэле- ці радыёпраграмы ажыццяўляецца аператарам электрасувязі без змянення яе формы і зместу на падставе дазволу на распаўсюджванне прадукцыі замежных СМІ, атрыманага ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, або па дагаворы з юрыдычнай асобай, на якую ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ, ці замежнай арганізацыяй, якія маюць ліцэнзію ў галіне вяшчання.
Суіскальнікамі ліцэнзій на дзейнасць у галіне вяшчання могуць выступаць як рэдакцыі СМІ, зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам, так і прадстаўніцтвы замежных сродкаў масавай інфармацыі. Паводле ўказа, для спецыялістаў, адказных за вяшчанне, уводзіцца кваліфікацыйны іспыт на атрыманне ліцэнзіі.
Пры спыненні працоўнага дагавора (кантракта) ў адносінах да спецыяліста, адказнага за вяшчанне, ліцэнзіят абавязаны ў месячны тэрмін з дня выдання адпаведнага загада (распараджэння) падаць у Міністэрства інфармацыі звесткі ў пісьмовай форме аб замене спецыяліста, адказнага за вяшчанне. Ізноў прызначанаму спецыялісту, адказнаму за вяшчанне, неабходна здаць кваліфікацыйны іспыт у парадку, вызначаным Міністэрствам інфармацыі.
У адпаведнасці з указам грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні, ліцэнзійных патрабаванняў і ўмоў з'яўляюцца ажыццяўленне ліцэнзійнай дзейнасці «ў мэтах, што супярэчаць інтарэсам Рэспублікі Беларусь», а таксама вяшчанне тэле- ці радыёпраграмы, «што змяшчае звесткі, распаўсюджванне якіх забаронена ці абмежавана заканадаўствам».





