Памятная шыльда ў гонар Генрыка Дмахоўскага (1810 - 1863), паўстанца і скульптара. Фота Галіны Урбановіч.

Памятная шыльда ў гонар Генрыка Дмахоўскага (1810 - 1863), паўстанца і скульптара. Фота Галіны Урбановіч.

Памятная шыльда ў гонар Яна Гушчы. Фота Уладзіміра Шадурскага.

Памятная шыльда ў гонар Яна Гушчы. Фота Уладзіміра Шадурскага.

Намаганнямі грамадскасці горада Мёры былі ўсталяваныя памятныя шыльды ў гонар скульптара і паўстанца Генрыка Дмахоўскага і пісьменніка Яна Гушчы. Урачыстае іх адкрыццё зладзілі 10 кастрычніка.

Шыльду ў гонар Генрыка Дмахоўскага ўсталявалі на будынку клуба ў вёсцы Забалоцце (Мёрскі раён). Будынак стаіць на падмурку сядзібы Дмахоўскіх, збудаванай у 1742 годзе. Пад клубам яшчэ захаваліся скляпенні XVIII стагоддзя, у якія, няма сумневу, спускаўся Генрык Дмахоўскі.

Дмахоўскі біўся за незалежнасць Рэчы Паспалітай у трох паўстаннях – 1830-31, 1848-49 і 1863 гадоў. Паміж паўстаннямі жыў на эміграцыі, займаўся скульптурай. Гэта Дмахоўскі зрабіў бюсты Касцюшкі, Вашынгтона, Франкліна, Джэферсана, што стаяць у будынку Сената Злучаных Штатаў. Дмахоўскі загінуў у баі з расійскімі войскамі 26.5.1863 года, яго магіла знаходзіцца каля вёскі Бірулі Докшыцкага раёна.

Мёрскія ўлады не пагадзіліся, каб Дмахоўскага прадставілі як паўстанца. «Славуты зямляк і скульптар» – прыйшлося напісаць на шыльдзе. Хто хоча ведаць, дакапаецца да праўды.

Шыльду ў гонар Яна Гушчы змясцілі на стогадовай камяніцы пры Замкавай (Юбілейнай) вуліцы ў горадзе Дзісна. Гушча жыў у гэтым доме з 1930 да 1934 года, калі вучыўся ў Дзісненскай гімназіі. Пасля ІІ Сусветнай вайны Ян Гушча жыў у Лодзі (Польшча), памёр у 1986 годзе, пакінуў па сабе чатыры дзясяткі кніг прозы, сатыры і паэзіі.

Як і Дмахоўскі, Гушча быў выгнанцам з родных мясцінаў. Ён нарадзіўся на Віленшчыне, але ў 1940 годзе савецкія ўлады дэпартавалі яго з сям’ёй у Казахстан. Матывы роднага краю шматкроць трапляюцца ў творах Гушчы. Пісаў ён і ўспаміны пра дзяцінства. Перакладаў на польскую мову беларускіх пісьменнікаў, у прыватнасці, Караткевіча.

Адкрыццё шыльдаў было ўрачыстым. Сабраліся настаўнікі і вучні, прадстаўнікі мясцовай улады. Школьнікі расказвалі вершы. Выступіў краязнаўца Вітольд Ермалёнак, распавёў пра Дмахоўскага і Гушчу, раздаў прысутным буклеты з жыццяпісам гэтых дзеячаў.

Ушанаванне памяці выбітных землякоў было справай мясцовай грамадскасці. Па дазвол райвыканкама звярнуліся сябры мёрскага клуба ЮНЭСКА – цяперашнія і былыя вучні школы №3, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю.

Мармур для шыльдаў набыла за свае грошы Валянціна Атрошка, дырэктарка школы №3. Зрабілі і ўсталявалі шыльды прадпрымальнік Аляксандр Чарняўскі і ягоны бацька, дырэктар мастацкай школы, Баляслаў Чарняўскі. За працу яны не ўзялі грошай.

Імёны Генрыка Дмахоўскага і Яна Гушчы, як і многія факты мясцовай гісторыі, сталі вядомыя жыхарам Мёрскага раёна праз дзейнасць краязнаўцы Вітольда Ермалёнка, які стварыў два багатыя музеі, а зараз робіць трэці.

 «Трыццаць год марыў, каб ушанавалі Генрыка Дмахоўскага. Першы артыкул пра яго напісаў у раённай газеце ў 1981 годзе. Пра Гушчу напісаў пятнаццаць год таму. Дзякуй Богу, шыльды ўсталявалі. Я шчаслівы», - не хавае задавальнення спадар Ермалёнак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?