Правядзенне ў кастрычніку—снежні 2013 года кансультацый з прадстаўнікамі Міжнароднага валютнага фонуд аб магчымасці атрымання фінансавання ў рамках новай крэдытнай праграмы прадугледжана планам сумесных дзеянняў па структурным рэфармаванні эканомікі, які зацверджаны пастановай урада і Нацбанка № 895/15 ад 10 кастрычніка.

Правядзенне кансультацыі даручана супрацоўнікам Мінфіна, Мінэканомікі і Нацбанка.

Як паведамлялася раней, місія МВФ будзе знаходзіцца ў Мінску з 17 па 28 кастрычніка для правядзення постпраграмнага маніторынгу. Акрамя таго, паводле наяўных звестак, у трэцяй дэкадзе кастрычніка Беларусь плануе наведаць і місія Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС (АКФ), у якога Беларусь з 2011 года атрымлівае шасцю траншамі крэдыт на агульную суму 3 млрд. долараў.

Беларускія ўлады раней выказвалі жаданне прыцягнуць новыя крэдыты як з боку Міжнароднага валютнага фонду, так і ў Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.

На думку экспертаў, сумесны план па структурным рэфармаванні эканомікі ад 10 кастрычніка, які прынялі ўрад і Нацбанк, можа быць тактычным крокам, накіраваным для атрымання новых крэдытаў.

«Як вядома, крэдыторы ў якасці ўмовы выдзялення грошай вылучаюць рэфармаванне беларускай эканомікі», — нагадаў фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Беларусі Вадзім Іосуб.

Пры гэтым ён дапускае, што сярод распрацоўшчыкаў плана сумесных дзеянняў маглі быць і чыноўнікі — прыхільнікі рэформ.

«У падрыхтоўцы плана ўдзельнічалі прадстаўнікі розных дзяржорганаў. Сярод іх могуць быць і тыя, хто шчыра ўсведамляе неабходнасць рэформ, і іншыя асобы, якія разглядаюць падрыхтаваны дакумент як тактычны крок, накіраваны на атрыманне новых крэдытаў», — мяркуе Іосуб.

Эксперт нагадаў, што ў папярэднія гады афіцыйныя планы па рэфармаванні эканомікі таксама рыхтаваліся менавіта тады, калі эканамічная сітуацыя ў краіне станавілася цяжкай.

Як паведамлялася раней, урад і Нацбанк прынялі 10 кастрычніка сумесную пастанову па структурным рэфармаванні эканомікі. Сумесны план дзеянняў, у прыватнасці, уключае маштабныя меры па прыватызацыі дзяржуласнасці, абмежаванні крэдытавання дзяржпраграм, рэфармаванні пенсіённай сістэмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?