Фота svaboda.org.

Фота svaboda.org.

Лідар пярвічнай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Мазырскага НПЗ Юрый Швец раніцай 19 кастрычніка прыпыніў галадоўку, якая працягвалася пяць дзён.

Першапачаткова акцыя пратэсту была запланавана на тры дні, але ад кіраўніцтва завода не было ніякай рэакцыі, як і з канцэрна «Белнафтахім», тады актывіст прадоўжыў яе да 19 кастрычніка.

Першыя тры дні галадоўку падтрымліваў яго калега Васіль Альхоўскі, але па стане здароўя 16 кастрычніка спыніў яе. Галадоўку Юрый Швец абвясціў 14 кастрычніка ў знак пратэсту супраць націску завадской адміністрацыі на актывістаў альтэрнатыўнага прафсаюза.

Нагодай стала звальненне пяці членаў БНП. Ён дадаў, што не толькі звальненні членаў прафсаюза вымусілі яго пайсці на такую акцыю пратэсту, але і тое, што ўжо на працягу пяці гадоў актывісты БНП пераследуюцца адміністрацыяй.

«Магчыма, на наступным тыдні пройдуць перамовы кіраўніцтва БНП у канцэрне «Белнафтахім». Па выніках перамоў я буду прымаць рашэнне — ці працягваць галадоўку. Звольненыя актывісты нашага прафсаюза цяпер спрабуюць аднавіць свае правы праз суд, але я скептычна стаўлюся да нашых мясцовых судоў, якія з заводскай адміністрацыяй адно цэлае», — пракаментаваў Юрый Швец.

Пра стан свайго здароўя пасля пяцідзённай галадоўкі ён выказаўся коратка: «Цярпіма».

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, у склад якога ўваходзіць БНП, Аляксандр Ярашук мае намер дамагчыся сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржканцэрна «Белнафтахім», каб абмеркаваць сітуацыю на Мазырскім НПЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?