Наш час падобны да бясчасся, у якім нічога не адбываецца і ніхто не з’яўляецца. Але так здаецца, пакуль не ўгледзішся ў час уважліва. І тады ўбачыш у ім сапраўдных — з вялікай літары — Людзей. Постаці, якія ўжо сёння маюць абрысы знакавых асобаў нашай гісторыі.

Паўла Севярынца я ўспамінаю найчасцей на Плошчы 2001 года. Узнёслы, акрылены, імклівы, ён рабіў Плошчу тою явай, якой не мог зрабіць яе тагачасны кандыдат у прэзідэнты. Явай не толькі палітычнай, але і духоўнай.

Павал сам — з’ява не толькі палітычная, грамадская (ён і цяпер не адмаўляецца ад грамадска-палітычнай дзейнасці), але і духоўная. І не толькі таму, што ён — шчыры вернік, да таго ж — пісьменнік. Ён — з’ява духоўная па сутнасці сваёй. Па ўсім, з чаго ён створаны. А створаны ён найперш з любові. Гэта пацвердзіць кожны, хто яго ведае. А той, хто не ведае, можа знайсці пацверджанне гэтаму ў ягоных кнігах.

Адна з іх, «Беларуская глыбіня», напісаная ў зняволенні ў Купліне (якое аўтар назваў духоўным падарожжам) — ці ні найлепшае з усяго, што з’явілася апошнім часам у беларускай літаратуры. Сярод дзясяткаў, сотняў персанажаў гэтай жывой кнігі (такіх, як дзяўчынка Воля, якая піша вось якія вершы: «Я папрашу ў Цябе, Вялікі Божа, З маёй зямлі сагнаць адчай­-смугу, Прашу Цябе — бо хто ёй дапаможа?.. Я так хачу, але не ўсё магу», — акрэсленыя таксама асобы, постаці, якія могуць, здольныя зрабіць, здзейсніць болей за іншых. «Гатовыя адчыняць неба для праліўных дажджоў» — як напісаў Севярынец пра адну з такіх постацяў, праз якую (праз якія) узнікае вера ў тое, што духоўная засуха ў нашым часе хутка скончыцца: ужо падаюць першыя кроплі залевы.

Кніга гэтая не пра беларускую (правінцыйную) глыбіню-глыбінку (хоць і пра яе таксама), а пра духоўную глыбіню Беларусі. Глыбіня ў ёй не геаграфічная, гарызантальная, а вертыкальныя — і адкрываецца ва ўсім сваім бяздонні.

Што шукае Павел Севярынец у веры і літаратуры? Мяркую, тое, чаго не знайшоў у палітыцы. Адказы на глыбінныя пытанні быцця, звязаныя не з тым, што ў чалавеку прах, а з тым, што ў ім несмяротнае.

У палітыцы на такія пытанні няма адказаў, бо палітыку гэта не цікавіць. Яна займаецца не тым, што ў глыбінях, а тым, што на паверхні. Не чалавеказнаўствам, а чалавекакіраваннем.

Каб быць чалавекам, чалавек мусіць кіравацца Богам. Гэта разумеюць многія, калі не ўсе. Але адно — разумець, іншае — прыняць. Каб зрабіць апошняе, неабходныя духоўныя высілкі, без якіх жыць прасцей. Як тым, хто кіруе, гэтак і тым, хто кіруецца.

У глыбіню (у тым ліку ў сваю) зазіраць страшнавата. Іншым разам жудасна. Але без гэтага нічога не ўбачыш. Ні ў сабе, ні ў іншых. Ні ў жыцці, ні ў смерці.

Павел Севярынец глядзіць у глыбіню, не міргаючы. Намагаючыся «адчыніць глыбокае з сярэдзіны цемры і вывесці на святло цень смяротны». І віншуючы яго з вяртаннем няхай на ўмоўную, але ўсё ж на волю, я зычу яму плёну ў гэтых намаганнях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?