Апазіцыя можа прыйсці да перамогі, толькі калі ў Беларусі будзе зменены маральны клімат, мяркуе сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

«Наша стратэгічная задача — стварэнне маральнай базы для перамен. Гэта вельмі сур'ёзная рэч», — заявіў ён 20 кастрычніка ў Мінску журналістам.

Паводле слоў Севярынца, цяпер «сто тысяч чыноўнікаў прапаведуюць падман, страх, крадзеж як норму». «На гэтым пабудаваць нічога нельга, нават калі змяніць прэзідэнта і дэпутатаў. Таму нам трэба рыхтаваць мінімум сто тысяч сумленных прафесіяналаў, якія будуць гатовыя ўзяць адказнасць на сябе», — заявіў ён.

Севярынец мяркуе, што «ключавымі структурамі, арганізаванай супольнасцю, непадкантрольнай дзяржаве, у якой ёсць неабходная колькасць прафесіяналаў, з'яўляюцца цэрквы».

«Гэта супольнасць для нас — найважнейшая мэтавая група. Царква магла б змяніць маральны клімат у Беларусі. Апазіцыя сёння проста не можа вылучыць такую колькасць прафесіяналаў», — сказаў ён.

Палітык таксама паведаміў, што БХД гатова «выступіць аб'яднальнай сілай» у апазіцыі.

«Давайце аб'ядноўвацца, рабіць адзіную каманду і стратэгію, з дапамогай гэтага адзінства перамагаць», — сказаў ён.

Северынец зазначыў, што беларускія хрысціянскія дэмакраты на мінулых мясцовых выбарах правялі ў саветы трох чалавек. «Такія людзі, безумоўна, будуць і на гэтых выбарах. Але ва ўмовах фальсіфікацый проста немагчыма, каб усе, хто перамог у рэальнасці, атрымаў дэпутацкія мандаты. Таму тактыка БХД будзе такой: за тыдзень да выбараў мы аб'явім, што як палітычная сіла ў фальсіфікацыях браць удзел не можам і не будзем. Мы выбралі сваіх народных дэпутатаў, якія працуюць з людзьмі, яны будуць актыўна дзейнічаць у сваіх акругах. На гэты момант у нас гатовыя вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў прыкладна 200 чалавек», — паведаміў ён.

«Мэта нашых бліжэйшых дзеянняў — узмацненне і БХД, і ўсіх дэмакратычных сіл перад прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Калі не рыхтавацца да 2014 года да кампаніі 2015 года, то затым усё праваліцца», — падкрэсліў Севярынец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?