27 кастрычніка (нядзеля) ў вёсцы Неглюбка Веткаўскага раёна адбудзецца фестываль ткацтва «Кросенцы».
Фестываль беларускага ручніка ў Неглюбцы прайшоў упершыню год таму, свята вырашылі зрабіць традыцыйным, змяніўшы назву.
У праграме свята — майстар-класы ад народных умельцаў па вырабе прадметаў побыту і адзення, а таксама па традыцыйных танцах. Перад гасцямі выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці Веткаўскага раёна і Гомеля («Ягорава Гара», «Млын сонца», «Бан-Жвірба»).
Будуць працаваць пляцоўкі «Ткацтва: шлях жыцця», «Адраджэнне рамяства», «Семантыка арнамента», пройдуць выставы ручнікоў і традыцыйных кашуль, продаж сувеніраў.
Месца правядзення фестывалю ткацтва было абранае невыпадкова.
Неглюбскія ручнікі вядомыя далёка за межамі Беларусі. Напрыклад, ручнікі з Неглюбкі ўпрыгожваюць адно з памяшканняў ААН. Яны экспанаваліся на выставах у Нью-Ёрку, Манрэалі, Токіа, Парыжы, Бруселі, дзе былі адзначаныя залатымі медалямі.