Надоечы трапілася мне ў рукі кніга архімандрыта Лазара пад назвай «Іншыя шляхі ў пекла: рок-музыка». Там у папулярнай форме расказвалася пра тое, што

любы хрысціянін, які калі-небудзь слухаў дэманічную музыку (мелася на ўвазе рашуча ўсё ад джаза да зусім ужо бяскрыўднага дыска) не мае іншага выйсця, як пасля смерці трапіць у пекла.

Апроч іншага, шаноўны архімандрыт расказваў, што, калі слухаць кружэлку Led Zeppelin у адваротным кірунку, можна пачуць сапраўдную малітву сатане.

Здавалася б кніга як кніга – чаго толькі зараз не выдаюць. Аднак цяперашняе стаўленне да заходняга мастацтва, якое ёсць на постсавецкай прасторы, пачынае насцярожваць:

калі праваслаўныя казакі імкнуцца сарваць канцэрт Мадоны, а святары наўпрост абвінавачваюць яе ў «садаміі», гэта нагадвае Сярэднявечча.

Прачытаўшы матэрыял шаноўнага Пётры Рудкоўскага, я зачапіўся за пасаж, што калі абіраць паміж гуртом Marduk і Чаргінцом, які з вышэйузгаданым гуртом змагаецца, аўтар абраў бы Чаргінца. Вельмі дзіўна гэта чуць ад каталіцкага святара. Патлумачу чаму.

У 1960-х Джон Ленан на адной з прэс-канферэнцый прамовіў фразу, маўляў, The Beatles папулярнейшыя за Ісуса. У выніку ў самых кансерватыўных штатах ЗША пачалі на плошчах спальваць альбомы бітлоў. Прайшло 50 гадоў, і цяпер канфлікт паміж царквой і The Beatles выглядае не болей чым гістарычным жартам. А Боб Дзілан, аўтар не менш спрэчных для кансерватараў радкоў, сустракаўся з Янам Паўлам Другім і спяваў яму свае песні. Пра легендарнага блюзмэна Роберта Джонсана ўвогуле ёсць легенда, што ён калісьці прадаў душу д’яблу, пры гэтым ягоныя песні спявалі і спяваюць сотні блюзавых спевакоў, якія як ніхто іншы звяртаюцца да Бога ў сваіх песнях. Не думаю, што ў перакладзе на рускую Мікалай Чаргінец упадабаў бы песні Вялебнага Гэры Дэвіса.

Адразу скажу, я не з’яўляюся прыхільнікам ні гурта Marduk, ні Мікалая Чаргінца, аднак мяне страшна бянтэжыць, што апошні аднекуль здабыў сабе права абіраць, што можна слухаць мне і маім суайчыннікам, а што нельга.

Здаецца, такое ўжо было – у часы СССР існавалі спісы (з якімі, дарэчы, можна без праблем азнаёміцца ў інтэрнэце), дзе топавыя заходнія гурты абвінавачваліся ў прапагандзе ўсяго - ад «сэкса» да «сатанізма». Напрыклад, гурт Nazareth (знайдзіце што-небудзь больш бясшкоднае) прапагандаваў «рэлігійнае цемрашальства».

Спадару Пётра, няўжо вы як каталіцкі святар, не бачыце, што «чаргінцоўскі» метад кіравання мастацтвам абсалютна не дапаможа пазбегчы выпадкаў, падобных да таго забойства ў Вілейцы? Пры чым тут музыка?

Марк Чэпмэн, які проста так забівае Джона Ленана, па яго словах, натхніўся кнігай Джэрома Сэлінджэра «Лавец у хлебным полі», дык магчыма і Сэлінджэр шкодны для людзей?

Царква, якой бы яна ні была, каталіцкай, праваслаўнай, уніяцкай ці іншай, не мусіць ісці па сцежцы савецкіх ідэолагаў. Вельмі прыкра, што гэта ўжо адбываецца з праваслаўнай царквой, апошняя распрацоўка «праваслаўных гісторыкаў» – ідэя вынесці з галерэі «Івана Грознага» Рэпіна, бо ён прыніжае рускі народ. Таму я, адзін з тых, хто па вашых словах, абараняе «зорак металу», буду працягваць рабіць гэта і далей.

Ні жывапіс, ні музыка, ніколі нікога не забілі. Мы можам не прымаць той ці іншы стыль, аднак «недапускаць», «забараняць», аднаасобна абвяшчаць таго ці іншага выканаўцу «шкодным» для цэлага народа недапушчальна. Як і слухаць кружэлкі ў адваротным накірунку – яны ад гэтага псуюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?