11 кастрычніка адбылася рэкордная 5,5-гадзінная прэс-канферэнцыя Лукашэнкі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ, якая стала заключным этапам 6-дзённага прэс-тура.

Расійскія журналісты прыязджаюць паглядзець на «беларускі цуд» ужо 11 гадоў запар. Сёлета надышла чарга Гродзенскай вобласці. Каля 80 медыясупрацоўнікаў наведалі некалькі аграсядзібаў, малочна-таварны комплекс «Батораўка», фірму «Контэ-Спа» — вытворцу панчохаў і шкарпэтак.

Паведамлялася, што прыкладная сумарная аўдыторыя ўсіх СМІ, прысутных на прэс-туры, складае тры мільёны чалавек. Большасць СМІ абмежавалася перадрукоўваннем цытатаў Лукашэнкі. Аднак у расійскай рэгіянальнай прэсе з'явіліся і артыкулы з уражаннямі, прапушчанымі журналістамі праз сябе. «НН» выбрала з іх найлепшыя моманты.

Гродна, жамчужына расійска-еўрапейскай архітэктуры

Паводле старой добрай традыцыі, артыкулы расійскіх журналістаў прасякнуты пяшчотнай любоўю і, часам, беспадстаўна-ідыятычным замілаваннем.

«Маё падарожжа па саюзнай рэспубліцы пачалося, як ні дзіўна, са змены імя. Па-беларуску яно гучыць Вольга, амаль як вялікая руская рака. Першым пунктам праграмы стаў горад Гродна, куды армія расійскіх журналістаў прыбыла цёплай восеньскай раніцай панядзелка. Вока сібірскага жыхара не магло не цешыцца пышнай яркай восенню, якую нам у такім карцінным выглядзе ў сябе дома назіраць не даводзіцца.

Прыгажосці Гродна адкрываліся паступова, горад апынуўся напоўненым сумессю расійскай і еўрапейскай архітэктуры. Першая прадстаўлена ў асноўным жылымі шматпавярхоўкамі, другая — замкамі розных эпох, старадаўнімі касцёламі і сядзібамі», — піша журналістка газеты «Новості Югры» Вольга Халявіна ў артыкуле «Заходняя Беларусь: ад каталікоў да калготак, або як Бацька Лукашэнка здзіўляў расійскіх журналістаў». У расійскамоўным варыянце загалоўка Лукашэнку клічуць не інакш як «Батько» — мянушка прыходзіцца даспадобы расійскім журналістам і яны выкарыстоўваюць яе часта, праўда кожны на свой лад: «батька», «бацько», «бацька».

«Тут жа засяроджана большасць беларускіх каталікоў. Цікава было нам, рускім, выхаваным на праваслаўі, назіраць у краіне братоў-славян маштабныя каталіцкія службы. Уявіце, позні вечар, на вуліцах невялікага гарадка Ліда цёмна і малалюдна, але каля аднаго з невялікіх касцёлаў таўпіўся народ: ідзе служба. У сцены каталіцкай абіцелі ўсе ахвотныя проста не змясціліся, таму многія стаялі на вуліцы. У кожнага ў руках свечка з надзетай зверху мудрагелістай канструкцыяй з пластыкавых бутэлек, каб полымя не згасла. Звычайныя бабулі, якія выразна асацыююцца ў нас з праваслаўем, на самай справе каталічкі. Набажэнства, дарэчы, вялося на беларускай мове», — працягвае яна.

«Правільнасць» беларускай мовы аўтарка вызначала ў параўнанні з расійскай, і беларуская мова нагадала ёй сшытак непісьменнага дзіцяці: «Калі ўкраінскую мову называюць смешнай рускай, то беларускую можна назваць вольнай у граматычным сэнсе. Калі націск не падае на літару «О», смела пішы «А». Назвы тутэйшых вуліц быццам пісалі першакласнікі, напрыклад, вуліца Камсамольская».

Не абмінула аўтарка і тэмы чыстых вуліц: «Беларусы традыцыйна спрабавалі паказаць усе лепшыя бакі жыцця рэгіёну: ад прамысловых лідараў да сацыяльных новабудоўляў. Хоць сёння цяжка здзівіць асобнымі сучаснымі аб'ектамі, спартовымі комплексамі або палацамі моладзі, але агульная карціна разам з чыстымі вуліцамі, якія ачышчаюцца ад лісця машынамі, якія нагадваюць пыласосы, стварае пазітыўнае ўражанне».

Няўдалы лавелас

Спецкар газеты «Вечерняя Москва» Аляксей Бялянчаў выбраў больш інавацыйны падыход да апісання сваёй паездкі ў Беларусь і зрабіў гэта ў выглядзе дарожнага дзённіка. Прычым першы з двух існых на дадзены момант допісаў у «Беларускім дзённіку» нагадвае апісанне няўдалай спробы заляцацца да «правадніцы па імені Іна з цягніка дзве сямёркі».

«Яе вогненная грыва пачынае свае шалёныя скокі толькі на ветры. Калі кудысьці ў невядомасць пачынае мітуслівыя і бессэнсоўныя для недасведчанага скокі белы агеньчык сігнальнага ліхтарыка ў яе руцэ. Калі адкрываюцца дзверы яе першага па нумарацыі вагона, які па іроніі чыгуначнай лёсу з Масквы ў Гродна ідзе апошнім. Калі ў запацелы ад першых баек і спрэчак вагон урываецца глыток свежага паветра, і нават перакананыя непітушчыя бягуць прэч, на незнаёмыя платформы і паўстанкі. Калі…» — піша аўтар.

Падчас 23-хвіліннай стаянкі цягніка ў Вязьме спецкар выкурвае тры цыгарэты і вядзе філасофскую размову з правадніцай БЧ Інай Мікалаеўнай Леонавай.

— Іна, а вам не страшна сваё жыццё прамяняць на гэтую імглу? На гэтую змову колаў, якая нічога не абяцае. На гэты перон, перон, што нічога не абяцае. На п'янаватых і моцна паглупелых ўсяго за паўтары сотні кіламетраў шляху людзей? — Залажу я нахабна і бесцырымонна ў блакітнае мора яе вачэй, якія ня шарэюць нават у святле пероне агнёў. — Вам не страшна так пражыць???

— Пражыць? — Іна на долю секунды скурчваецца. Ці то ад ветру. Ці то ад майго філасофскага глупства. — Ды не. Не страшна. Бо гэта — праца. Гэта мая праца…

Яна, вядома, разгубленая. Дакладней — збянтэжаная.

— Вы колькі жывеце «на выяздзе»? — Не сунімаюся я. І лезу ўглыб… — У Вас жа напэўна цяпер дома муж. Дзеці. …

— Ужо чацвёрты дзень. У нас такі графік: чацвёра сутак у вагоне, потым чацвёра — дома. — Іна спрабуе выбудаваць хоць нейкую лінію абароны. — А яшчэ котка… Яна, ведаеце, калі прыязджаю, імчыцца да мяне і радуецца ўсякім драбніцам, якія я магу кінуць у яе міску. Яна, гэта дакладна, любіць мяне. І муж таксама. І сын…

— А што, каханне вечнае? — Я іду ва-банк, ужо выведаўшы, што правадніком цягніка яна працуе дзесяць гадоў.

— Не ведаю. Не, не вечнае. Яно проста пераменлівае. Яно проста іншае…  Іна губляецца, але стаіць на сваім. — Яно проста, як агонь сігнальнага ліхтарыка: то ўспыхвае, то згасае. То ўспыхвае, то згасае…

У яе вачах — слёзы.

Беларуская правадніца Іна ўсё ж вытрымала націск рамантычнага масквіча і паехала дадому. А спецкар без прыгод дабраўся да Гродзенскай вобласці, адкуль паведаміў чытачам больш празаічныя факты: людзі ветлівыя, вуліцы і дарогі ідэальна чыстыя, таджыкаў-дворнікаў і бамжоў не відаць, жанчыны прыгожыя і выхаваныя, ежа смачная, цэны нізкія, а кароў дояць робаты.

Таксама журналіст расказаў, што «кінутыя недакуркі беларускія дворнікі збіраюць уручную» — інакш жыхары могуць паскардзіцца на шум адразу «Бацьку», а ««Бацьку», гэта значыць прэзідэнта Аляксандру Лукашэнку, паважаюць не толькі чыноўнікі. Апошнія за «Грыгорыча» п'юць стоячы і з трохразовым «ура!».

Лукашэнку — у прэзідэнты Аб'яднанай Русі!

Вельмі эмацыйна адгукнуліся гадзіны прамовы Лукашэнкі ў сэрцы аўтара расійскай нацыяналістычнай газеты «Завтра» Максіма Калашнікава.

«Ён назваў [Калінінградскую — «НН»] вобласць «нашай зямлёй», чым празрыста акрэсліў сябе прыхільнікам адзінства рускіх зямель і пацвердзіў свой ранейшы пастулат пра тое, што рускія (вялікаросы, ужо калі дакладней) і беларусы  адзін народ. (Гэта значыць, рускі народ). Больш за тое, ён прапанаваў перадаць адказнасць за Калінінградскі рэгіён Белай Русі, дзе беларусы ўсё ўзаруць і прывядуць у парадак, зрабіўшы вобласць прыбытковай цукеркай.

Упэўнены, што шмат хто ў РФ пагадзіўся б на тое, што не толькі Калінінградчыну, але і яшчэ 80 рэгіёнаў варта было б так жа перадаць Бацьку. Бо ў РФ гэтыя «двое са скрынкі» (але не надта аднолькавых з твару) давялі ўсё да разрухі. А Бацька, пры ўсіх яго недахопах, рэальны сектар у Беларусі захаваў», — піша ён.

Калашнікаў упэўнены, што заявы Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі — адкрыты выклік Крамлю і асабіста Пуціну (ці «ВВП», як называе яго аўтар). Ён хваліць Лукашэнку за захаванне эканомікі Беларусі, але ўсё ж упэўнены, што яна асуджана на калапс — маленькі беларускі рынак не можа набыць усё, таму беларускай эканоміцы жыццёва важна выйсці на «агульнарускі» рынак.

«Выйсце ў Лукашэнкі застаецца адно стаць прэзідэнтам аб'яднанай краіны. Тады ўсе праблемы эканомікі Белай Русі будуць вырашаны.

Ці не для гэтага ён ускочыў ва ўнутрыпалітычную сферу РФ і не пабаяўся паказаць сябе агульнарускім лідарам, мацнейшым за Пуціна?» — задаецца пытанем Калашнікаў.

Трэба заўважыць, што аўтар «Завтра» не абмяжоўваецца толькі пахвалой, але і высоўвае канкрэтныя прапановы.

«Але шанец на ўваходжанне ў гісторыю ў ролі аб'яднальніка ў яго яшчэ ёсць. У выпадку, калі ў Маскве выбухне «шляхецкі рокаш» і Пуціна скінуць.

Вось тады кідок на верталётах да Масквы і заява пра тое, што ён, А.Г., бярэ на сябе адказнасць за Саюзную дзяржаву і за Расію ў прыватнасці — дарэчныя цалкам. Тут яго з кветкамі ў правінцыі сустрэнуць і, калі трэба, разам з ім Маскву пойдуць займаць.

Два моманты тут важныя: трэба загадзя і таемна сфармаваць той урад у РФ, што пакліча на дапамогу. А, па-другое, заручыцца падтрымкай Пекіна. Бо інакш апынешся адзін на адзін з усім Захадам і «сусветнай дэмакратыяй».

Нядрэнна было б зрабіць заявы, разлічаныя на несыравінных прамыслоўцаў РФ і на яе аграрыяў, знішчаных пасля ўступлення ў СГА. Гэта і іх магло б пацягнуць у бок Мінска. Разам з іх працоўнымі калектывамі», — падзяліўся сваім бачаннем Беларуска-расійскіх адносін Калашнікаў.

А самым сціплым і ў той самы час рашучым, відаць, аказаўся дырэктар выдавецкага дома «Ліпецкая газета» Пятро Ігнатаў. Пасля прэс-тура ў Беларусь ён не рабіў гучных заяваў, але перайшоў адразу да пашырэння і паглыблення двухбаковага саюза: набыў беларускія боты ў фірмовай краме BELWEST у Ліпецку. «Дзеля ўмацавання дружбы з братамі? Ды хоць бы і так. Да таго ж не мне аднаму вядома, што якасць у беларускіх тавараў і прадуктаў харчавання — ДАСТаўская. А, значыць, выдатная».

Ад рэдакцыі: Некаторыя асаблівасці індывідуальнага аўтарскага стылю былі захаваныя падчас перакладу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?