Прачытаўшы адно загаловак, я ўжо ведаў, што будзе напісана ў артыкуле Аляксандра Мілінкевіча. Заклікаючы Еўропу да дыялогу з існым рэжымам, з Лукашэнкам, Мілінкевіч мае звычай стагнаць аб незалежнасці Беларусі, палохаць Еўропу стратай гэтае незалежнасці.

Гэта яго любімы канёк, заезджаная кружэлка. Дзеля прасоўвання сваёй ідэі Мілінкевіч гатовы заплюшчыць вочы на многае, што дзеецца ў нашай краіне. На шчасце, не ўсе да яго прыслухоўваюцца як тут, у Беларусі, гэтак і ў Еўропе. На шчасце, у Еўропе ёсць уплывовы праваабарончы рух, моцная грамадзянская супольнасць. І эліты (гаспадарчыя і палітычныя), схільныя дзеля эканамічных інтарэсаў таксама на многае заплюшчыць вочы, вымушаны лічыцца з грамадскай думкай.

Я не чытаў артыкула Вітальда Юраша, але спадзяюся, што Мілінкевіч адэкватна пераклаў тэрміны, якімі карыстаецца польскі дзеяч. Дык вось, і польскі дзеяч, і сам Мілінкевіч недарэчы ўжываюць тэрмін «уладныя эліты». У дачыненні да Беларусі гэты тэрмін даволі спрэчны. У Беларусі няма уладных элітаў у еўрапейскім разуменні слова. Калі мы прызнаем наяўнасць у краіне дыктатуры, да тых, хто ажыццяўляе ўладу ў Беларусі, найлепш стасуюцца тэрміны «кіроўная група (групоўка)» і «кліка». Нават тэрмін «наменклатура» страціў свой ранейшы змест, бо ў краіне няма кіроўнай палітычнай арганізацыі (партыі), органы якой вырашалі кадравыя пытанні.

Пра тэрміналогію я так, мімаходзь, дзеля падсветкі. Ужыванне тых ці іншых тэрмінаў паказвае адносіны да палітычнага суб’екта.

Пішучы пра «ўладныя эліты» ў Беларусі, і Вітальд Юраш, і Аляксандр Мілінкевіч хочуць палесціць уладатрымальнікам, задобрыць іх, схіліць іх да сябе, выклікаць іх прыхільнасць: яны ж не абы-хто – яны ж эліты! Марны занятак.

Хто толькі не спрабаваў задобрыць гэтыя «эліты» цягам апошніх 12 гадоў!.. І ў 2004-м, і ў 2008-м, і ў 2010-м. І нікому гэта не ўдалося.

І тут самы раз перайсці да пытання аб незалежнасці Беларусі.

Памятаецца, на самым пачатку 1990-х былі ў нас размовы з Пятром Краўчанкам аб замежнай палітыцы Беларусі. Першы міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь бачыў два варыянты: фінляндызацыя або варшавізацыя знешняй палітыкі. Фінляндызацыя — гэта пабудова замежнай палітыкі на ўзор таго, як рабіла Фінляндыя пасля Другой сусветнай. А варшавізацыя — гэта аналаг таго, як краіны Варшаўскага дагавору сталі цалкам залежныя ад СССР (Расіі).

Фінляндызацыя замежнай палітыкі Беларусі была б аптымальным варыянтам.

Беларусь, захоўваючы нейтральны бяз’ядзерны статус, мірна суіснуе як Захадам, так і з Усходам і нават атрымлівае пэўныя выгады ад такога курсу. Важна было, каб нейтральны статус Беларусі прызналі і абавязаліся шанаваць як Захад, так і Усход. Калі Беларусь згадзілася на вываз з яе тэрыторыі ядзернай зброі, Захад і Усход узялі на сябе абавязак паважаць незалежнасць нашай краіны. Факт вядомы. Але ў дакумент не было ўпісана палажэнне аб нейтральным статусе Беларусі, бо вакол гэтага (нейтралітэту Рэспублікі) ішлі баталіі ўнутры краіны. І вынікам стала тое, што ў Канстытуцыі было толькі прадэкларавана імкненне нашай краіны да нейтралітэту.

Усё ж паслядоўнай варшавізацыяй замежнай палітыкі заняўся першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Яго палітыка адпавядала ўяўленням кіруючых колаў БССР, інтарэсам гаспадарчых колаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў. Пачынаючы з 1994 года, эканамічнае жыццё краіны наладжвалася, груба кажучы, на ўзор саўгаса ці калгаса, які атрымлівае доўга- і кароткатэрміновыя крэдыты і загадзя ведае, што з часам гэтыя крэдыты будуць спісаныя. Атрымліваючы танныя энерганосьбіты, перапрацоўваючы танную нафту і прадаючы нафтапрадукты за Захад, краіна атрымлівала дадатковыя сродкі. Але гэтыя сродкі ішлі на што хочаш — на лядовыя палацы, на тратуарныя пліткі і на ўтрыманне непамерна раздзьмутых сілавых структураў. Вынікам марнатраўнай, згубнай гаспадарчай палітыкі стаў пераманентны эканамічны крызіс. За гады незалежнасці краіна так і не здолела выйсці на нармальную валюту, завесці свае манеты. Грамадзяне ў буйных прыватных здзелках разлічваюцца, як правіла, далярамі, еўрамі, расійскімі рублямі, але не «зайчыкамі».

Калі не ўмееш весці гаспадарку і мусіш залазіць у даўгі, калі залежыш ад паставак таннага паліва і таннай сыравіны, – пра якую незалежнасць можна казаць? Беларусь страціла незалежнасць, яшчэ не набыўшы яе. Звон разбітых у Гранавітай палаце чарак засведчыў: афіцыйная Беларусь канчаткова стала на шлях варшавізацыі сваёй палітыкі. Што такое Дагавор аб гэтак званай саюзнай дзяржаве ад 2 красавіка 1997 года? Гэта дакумент аб паэтапнай арганізацыі адзінай палітычнай, эканамічнай, вайсковай, мытнай, валютнай, юрыдычнай, гуманітарнай і культурнай прасторы. Створаная ў 2002 годзе Арганізацыя дагавору аб калектыўнай бяспецы, эмблема якой з’яўляецца пародыяй на эмблему НАТО, чымсьці нагадвае спачылую Арганізацыю Варшаўскага дагавору.

Не хто іншы, а Лукашэнка выступіў за наданне гэтай арганізацыі паліцэйскіх функцый: АДКБ павінна не толькі абараняць краіны-ўдзельніцы ад агрэсараў, але і душыць у гэтых краінах «бунты». Як тут не згадаць, што краіны Варшаўскага дагавору здушылі Пражскую вясну?

Мытны саюз, расійская авіябаза пад Лідай і ўсё такое іншае – гэта працяг палітыкі, пачатай у 1994 годзе. І пры гэтым фармальна дзяржава, як і тая ж Польская Народная Рэспубліка часоў Варшаўскага дагавору, застаецца незалежнай. Расія не будзе цалкам ці то губернямі інкарпараваць яе. Бо навошта? Расійская мова, расійская папса, расійская кніга, расійскае кіно дамінуюць у краіне, якая сама адмовілася ад сваёй нацыянальнай сімволікі і пазбавіла сваю мову статусу адзінай дзяржаўнай. Як і абяцаў Лукашэнка, расійцам жыць тут лепш, чым у Расіі. Яны скупляюць у Беларусі жыллё, яны адпачываюць і лечацца ў беларускіх дамах адпачынку і санаторыях, на вялікія святы прыязджаюць расслабіцца ў нашых рэстранах і гатэлях, бо сярэднестатыстычнаму беларусу на такую «раскошу» нестае сродкаў і нічога не застаецца, як абслугоўваць «старэйшых братоў».

Аляксандр Мілінкевіч баіцца зірнуць праўдзе ў вочы. Беларусь – даўно залежная краіна. Дастаткова Расіі падняць цэны нафты і газу да ўзроўню сусветных, як эканоміка краіны абваліцца. Уся дзяржаўная ўлада Беларусі трымаецца на ласцы расійскай уладнай групоўкі. І яна будзе трымацца да таго часу, пакуль яе матэрыяльна будзе падтрымліваць Крэмль. А Крэмль будзе яе падтрымліваць. Асабліва цяпер, калі Украіна ўзяла курс на асацыяцыю з Еўрапейскім Звязам. Расійскай палітычнай алігархіі важна захаваць на заходнім напрамку беларускі калідор, беларускі «выступ», які камусьці нагадвае Курскую дугу.

Ці адбылася б у краінах Варшаўскага дагавору дэмакратычная рэвалюцыя, калі б у СССР не пачалася гарбачоўская перабудова? Ці здолела б якая сіла зрынуць камуністычныя рэжымы ў тых краінах, калі б не адмова СССР ад дактрыны Брэжнева? Пытанні, па-мойму, рытарычныя.

Пакуль у Расіі не пачнецца рэальная дэмакратызацыя, пакуль Расія не адмовіцца ад цяперашняга курсу замежнай палітыкі, ніякая дэмакратызацыя ў Беларусі немагчымая. Ключы ад вырашэння «беларускай праблемы» ляжаць у Крамлі.

Ці патрэбна ўладнай групоўцы ў Беларусі Еўропа? Патрэбна. Перш-наперш як пастаўшчык новых тэхнікі і тэхналогій, як месца зберажэння і памнажэння капіталу, нажытага тут, як месца навучання і ўладкавання дзяцей.

Еўропа ўладнай групоўцы ў Беларусі патрэбна, але роўна ў такой ступені, у якой яна, Еўропа, не парушае яе, уладнай групоўкі, статус-кво, яе пазіцыі ў эканамічным і палітычным жыцці гэтай краіны.

«Любіце нас такіх, якія мы ёсць. Няхай у нас пачварнае аблічча – любіце нас. Расіяй жа вы не грэбуеце», – такі іх неагучаны зварот да Еўропы. У Еўропе гэта зразумелі многія. У Беларусі гэта не зразумелі толькі палітыкі кшталту Аляксандра Мілінкевіча.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру