Найбліжэйшым часам аграрны сектар чакае маштабная праверка, паведаміў Аляксандр Лукашэнка падчас кадравых прызначэнняў 22 кастрычніка.

Паводле яго слоў, эфектыўнасць гаспадарання ў аграрным сектары будзе дэталёва вывучана па аналогіі з будаўнічай галіной. «Закончыць працаваць камісія па будаўніцтве, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, мы пяройдзем да сельскай гаспадаркі. І прытым возьмемся наймацнейшым чынам, — цытуе яго словы прэс-служба. — Мы больш чым 50 мільярдаў долараў за дзве з паловай пяцігодкі ўклалі ў сельскую гаспадарку, гэта гадавы ВУП. Таму думайце аб тым, як зрабіць так, каб была аддача».

«І прытым мы будзем нечакана прыязджаць у любую гаспадарку, — папярэдзіў Лукашэнка. — Пакажыце аграгарадок, машынны двор, пакажыце зерняток, фермы, па якіх вы зрабілі справаздачу, як іншыя фермы ўтрымліваюцца.

У нас нядобрая тэндэнцыя: усе сядзяць і чакаюць, што вось заўтра будзем у плане па мадэрнізацыі той ці іншай фермы, атрымаем крэдыты, штосьці дадуць, штосьці прывязуць. Ніхто нічога не дасць».

Даючы згоду на прызначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што яны фактычна будуць на пярэднім краі ў працы з людзьмі. 

«Вас бачаць усе, нават часам калі вам гэтага не хацелася б. Таму шмат залежыць ад вашай прыстойнасці, чысціні і ад той справядлівай палітыкі, якую вы будзеце праводзіць у сваім рэгіёне, — даваў наказ Лукашэнка мясцовым чыноўнікам. — Найбліжэйшым часам мы значна ўзмоцнім, прама скажу, ціск на адпаведныя кадры вашага ўзроўню ў плане адказнасці за развіццё малых гарадоў, раённых цэнтраў і асабліва сельскай гаспадаркі».

Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца ў правільнасці прынятага раней рашэння аб мадэрнізацыі ў сферы сельскай гаспадаркі, што дазволіла забяспечыць прыкметны прыток валюты ў краіну ад экспарту харчовых тавараў. 

«Сёлета каля 6 мільярдаў долараў экспарту. Калі б яго не было — закрыць гэтую дзірку не было б чым. Я не кажу пра харчовую бяспеку, пра тое, што трэба было накарміць людзей. Усё гэта добра, гэта ў актыў. Але мяне катэгарычна не задавальняе тая эканамічная і фінансавая эфектыўнасць, якая сёння складваецца ў гэтай сферы. Пара навучыцца жыць па сродках. Ёсць грошы — жывеш, не — шукай ці будзеш хадзіць без зарплаты».

Звяртаючыся да толькі што прызначаных рэгіянальных чыноўнікаў, Лукашэнка падкрэсліў: «Уся вытворчасць, яе эфектыўнасць, аграгарадкі і іншая сацыяльная інфраструктура, якая павінна функцыянаваць як трэба, — ваша зона адказнасці. Таму вы, а таксама вашы калегі, думайце, як будзеце працаваць і зарабляць грошы».

Пры гэтым Лукашэнка запэўніў, што сельская гаспадарка не застанецца без падтрымкі дзяржавы, але яна будзе аказвацца толькі для рэалізацыі эфектыўных праектаў: «Будзем падтрымліваць, выдзяляць фінансавыя сродкі з бюджэту, ільгатаваць стаўку па крэдытах, але толькі па канкрэтных праектах, якія дадуць аддачу». У выпадку стварэння новых вытворчасцей гаспадаркі могуць на некалькі гадоў вызваляцца ад выплаты падаткаў, дадаў ён.

«Мы паказалі, як трэба рабіць. Мы палову ферм ператварылі ў добрыя комплексы з дапамогай дзяржавы. Вы ведаеце, як гэта рабіць — дзейнічайце. Думайце аб тым, як будзеце жыць, забяспечваць той высокі ўзровень, які павінен быць у кожным раённым цэнтры. За гэта будзе жорсткае патрабаванне», — папярэдзіў Лукашэнка. 

Ён адзначыў, што старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі адміністрацый у гарадах «не задзейнічаны на ўсю катушку ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных і ідэалагічных праблем у краіне».

«Вы павінны быць маторамі. Усё павінна быць прыгожа, дастойна, чыста, каб чалавек ішоў і ганарыўся тым, што жыве ў гэтым населеным пункце. Гэта ваш клопат. Без усялякай фанабэрыі, нармальнае і чалавечае стаўленне да людзей. Вось ваша галоўная задача», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?