Расійскі бізнесмен, асноўны акцыянер АФК «Сістэма» Уладзімір Еўтушэнкаў адмовіўся ад куплі долі ва «Уралкаліі» з-за завышанай цаны, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Прайм».

Еўтушэнкаў лічыць справядлівай цяперашнюю рыначную цану без запатрабаванай прадаўцамі прэміі. «Адмовіўся <…> Гатовы плаціць цану на экране (біржавога тэрмінала. — Прайм.), без прэміі», — сказаў Еўтушэнкаў у аўторак журналістам.

Адказваючы на пытанне аб патэнцыяльных партнёрах па здзелцы, ён паведаміў: «Разглядаў пакупку і з Гуцэрыевым, і з Ашчадбанкам».

Паводле інфармацыі «Прайм» ад 23 кастрычніка, кіраўнік Ашчадбанка Герман Грэф паведаміў журналістам, што яго банкам не вядуцца перамовы аб фінансаванні выкупу долі ва «Уралкаліі».

«Не. Наколькі я ведаю, не вядуцца. Калі б вяліся, то я б не сказаў», — адзначыў ён, патлумачыўшы, што такія звесткі могуць быць раскрытыя толькі пры жаданні кліента.

Размовы аб тым, што саўладальнік «Уралкалія» Сулейман Керымаў збіраецца прадаць свае 21,75% акцый у кампаніі, ідуць з тых пор, як Следчы камітэт Беларусі прад'явіў яму абвінавачанні. 8 верасня з'явілася інфармацыя аб магчымым продажы пакета Керымава ва «Уралкаліі» банкіру Уладзіміру Когану.

9 верасня гэту інфармацыю абверг афіцыйны прадстаўнік фінансава-прамысловай групы «Нафта Масква» Антон Аверын. 25 верасня стала вядома, што кітайскі суверэнны фонд Chengdong Investment Corporation (CIC) у выніку канвертацыі аблігацый у звычайныя акцыі набыў 12,5% акцыянернага капіталу «Уралкалія».

У гэты ж дзень з'явілася інфармацыя, што група «Онэксім» мільярдэра Міхаіла Прохарава разглядае магчымасць куплі долі Керымава ў ААТ «Уралкалій».

28 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што патэнцыяльныя пакупнікі долі ва «Уралкаліі» жадаюць супрацоўнічаць з «Беларуськаліем». «Той, хто хоча купіць гэты актыў («Уралкалій»), дае нам сігнал да таго, што, беларусы, пачакайце крыху, мы ўсё роўна будзем разам», — сказаў Лукашэнка.

«Толькі ідыёт можа працаваць сабе на шкоду. Таму што наша аб'яднанне з Расіяй уздыме цэны на калійныя ўгнаенні. Раз'яднанне абавязкова выклікае падзенне цэн», — дадаў ён.

21 кастрычніка на сустрэчы з кіраўнікамі некаторых СМІ краін СНД на пытанне, ці сустракаўся ён з патэнцыяльнымі прэтэндэнтамі на кантрольны пакет акцый «Уралкалія» Міхілам Прохаравым, Уладзімірам Коганам і Міхаілам Гуцэрыевым, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Не. Я Прохарава, Когана наогул не ведаю, нават не ўяўляю, чым яны займаюцца. Ведаю Гуцэрыева, але мы з ім праблему куплі не абмяркоўвалі. У агульных рысах».

У прыватнасці, паведаміў Лукашэнка, на яго пытанне, чаму Гуцэрыеў не хоча набыць кантрольны пакет акцый «Уралкалія», той адказаў, што падумае. «Потым чую, што ён нібыта ўдзельнічае. Пры сустрэчы, канешне, я задам яму пытанне», — сказаў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?