Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў у сваім выступе на саміце Мытнага саюза канстатаваў наяўнасць недахопаў у працы Еўразійскай эканамічнай камісіі. Таксама ён звярнуў увагу на неабходнасць ліквідацыі дзейных абмежаванняў у Мытным саюзе.
Але самай цікавай яго прапановай стала «падключэнне» да Мытнага саюза Турцыі. Як вядома, гэтая краіна імкнецца ўступіць у Еўрасаюз.
«Прэзідэнт Турцыі звярнуўся да мяне з просьбай уступіць у наш Мытны саюз. Давайце і прымем Турцыю», — сказаў Назарбаеў.
За мяжой, сказаў Назарбаеў, да яго часта звяртаюцца з пытаннем аб тым, што «мы ствараем СССР ці нешта пад Расіяй».
«Можа, Турцыю прыняць, вялікая краіна, і размова скончыцца», — прапанаваў Назарбаеў прэзідэнтам Расіі і Беларусі.
Казахстан зацікаўлены ў еўразійскім ухіле інтэграцыйнага аб'яднання. Прапанова Нурсултана Назарбаева далучыць да Мытнага саюза Турцыю характэрная ў гэтым сэнсе. Канструкцыя з удзелам вялікай цюркамоўнай краіны ператварыла б саюз з рэканструкцыі былога СССР у сітуацыйны альянс славянскіх і цюркскіх дзяржаў.
Таксама прэзідэнт Казахстана прапанаваў распусціць Еўразійскую эканамічную супольнасць. Аднак прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заклікаў не спяшацца з ліквідацыяй ЕўрАзЭС.