Машына не спадабалася. Але, ацэньваючы яе, таксісты гаварылі не пра тэхніку, а пра закон.

Валерый Шкуратаў.

Валерый Шкуратаў.

Уся справа ў пастанове «Аб некаторых пытаннях аўтамабільных перавозак пасажыраў». Заканадаўцы мяркуюць усталяваць абмежаванні для аўтамабіляў таксі. Машына не павінная быць карацейшай за 4,4 м і вузейшай за 1,7 м. Гэта значыць, што з бюджэтнымі мадэлямі замежных брэндаў, сабраных у Расіі, накшталт VW, KIA і Hyundai таксістам давядзецца развітацца. Увага - на беларуска-кітайскія аўтамабілі Geely?

З просьбай даць ацэнку Geely SC7 і магчымай змене закона адносна перавозак пасажыраў «Ежедневнік» звярнуўся да прысутнага на тэст-драйве дырэктара УП «Сталічны транспарт і сувязь» Валерыя Шкуратава.

— Ці падыдзе беларуска-кітайскі Geely SC7 для патрэб сталічнага таксі?

— Аўтамабіль — першая ластаўка, над якой яшчэ варта папрацаваць. Найлепшае рашэнне — перадаць яго на доўгае тэставанне таксістам, скажам, на год, каб зразумець, наколькі аўтамабіль зручны і надзейны ў эксплуатацыі. Уклаўшы інвестыцыі ў транспартны сродак, перавозчык хоча вярнуць грошы ў максімальна кароткія тэрміны, а Geely, як гэта стала зразумела падчас тэст-драйву, па якасці пакуль ніжэйшая за еўрапейскія брэнды. У яго невысокая шумаізаляцыя, слабая ўспрымальнасць да пачатку руху, што для горада, дзе шмат прыпыначных пунктаў, аб'ездаў, спячых паліцэйскіх, даволі важна. Засталося няясным пытанне, якая праходнасць Geely, — тэставанне прайшло на добрым асфальтаваным палігоне ў Ліпках, але нават гарадскія вуліцы не ўсюды такой якасці. Калі на задняе сядзенне села трое дарослых, стала цесна.

Нагадаю, што мінчане прывыклі да пэўнага ўзроўню якасці і камфорту аўтамабіляў Audi, VW, Peugeot. І хоць многія машыны сталічнага аўтапарка ва ўзросце, узровень камфорту па-ранейшаму застаецца высокім. А значыць, Geely павінен адпавядаць.

— Ці вядома вам, якімі аўтамабілямі ў якасці таксі карыстаюцца сёння ў Мінску?

— Заяўны прынцып працы таксі, які дзейнічае ў цяперашні час, не дазваляе адказаць на гэтае пытанне. Вядомая агульная інфармацыя: у сталіцы больш за 8 тысяч аўтамабіляў таксі, сярэдні ўзрост — 12-13 гадоў. Машын таксі, старэйшых за 10 гадоў, — каля 7 тысяч.

— У такой сітуацыі пытанне аб абнаўленні аўтапарка таксі можна лічыць рытарычным.

— Не так даўно дзейнічала рашэнне, паводле якога ўзрост аўтамабіля таксі не павінен быў перавышаць 10 гадоў. Парк прыкметна абнавіўся. Але потым рашэнне адмянілі, і мы прыйшлі да сітуацыі, калі ў якасці таксі да заказчыка можа прыехаць 20-гадовы аўтамабіль.

Абмежавання ў 10 гадоў, на маю думку, дастаткова. Пры гэтым павінныя дзейнічаць жорсткія патрабаванні кантралёраў за тэхнічным станам машыны таксі.

Што ж да еўрапейскай катэгорыі аўтамабіляў для таксі, на якой спыняцца заканадаўцы, выкажу здагадку: для сталіцы дарэчная катэгорыя D, параметры якой пазначаныя ў прапанаваных зменах пастановы «Аб некаторых пытаннях аўтамабільных перавозак пасажыраў». Прынамсі на такіх пунктах, як гасцініцы і аэрапорты павінныя стаяць таксі пэўнай мадыфікацыі і колеру.

— Ці не падаецца вам, што ў горадзе дарэчныя і вялікія, і маленькія аўтамабілі таксі, асабліва калі размежаваць тарыфы: на маленькай машыне можна даехаць танней, на аўтамабілі прэміум-класа — даражэй?

— На жаль, цяперашнія рэаліі такія, што за паездку на Daewoo Matiz вы можаце заплаціць больш, чым на прэстыжным Mercedes. Нашы перавозчыкі слаба прывязаныя да маркі і года выпуску аўтамабіля, для іх важны попыт і выпадак, вось у чым праблема.

— Можа, і наводзіць парадак трэба не з аўтамабіляў таксі, а культуры кіроўцаў і іх майстэрства?

— Пагаджуся, што да любога пытання трэба падыходзіць комплексна. Калі мы проста ўводзім абмежаванні ў адной галіне, не даючы развівацца іншай, толку ад гэтага не будзе - перавозчыкі заўсёды знойдуць, як абысці закон. Таму калі указ, які ўводзіць абмежаванні для аўтамабіляў таксі, будзе прыняты, неабходна падрыхтаваць і іншыя дакументы, прапісаўшы патрабаванні да кіроўцы, парадку яго навучання, допуск да работы, а таксама акцэнтаваць увагу на абавязках мясцовых органаў улады. Трэба ствараць інфраструктуру, тады і будзе парадак. Толькі комплексны падыход да вырашэння задачы дазволіць дасягнуць высокай якасці.

— Як вам прапанова аднаго з удзельнікаў тэст-драйву стварыць часовую службу таксі з Geely, вывучыць магчымасці гэтай мадэлі, а ўжо потым уводзіць абмежаванні?

— Слушная прапанова. Трэба толькі, каб вытворца пайшоў насустрач, даўшы машыны па льготнай цане, і ўзяў на асаблівыя ўмовы абслугоўвання. Падкрэслю: сёння размова аб аўтамабілях таксі ідзе з усімі аўтавытворцамі, мы разглядаем не толькі Geely.

— …але яшчэ Opel і Zotye, якія маюць намер вырабляць на заводзе ў Абчаку?

— Ёсць яшчэ Mercedes, Audi, іншыя брэнды — нам цікавыя ўсе варыянты. Самае галоўнае сёння — абнаўленне парку і добрыя ўмовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?