Кампанія Philips пакуль не плануе ўдзельнічаць у прыватызацыі ААТ «Гарызонт». Пра гэта на прэс-канферэнцыі 24 кастрычніка ў Мінску заявіў генеральны дырэктар Philips у Расіі і СНД Пітэр Вулінгс.

«Мы сочым за прыватызацыйнымі бізнес-працэсамі ў Беларусі, і цяпер намераў па куплі акцый «Гарызонта» ў нас няма. Мы разумеем, што «Гарызонт» — гэта буйны гулец на рынку Беларусі, у нас з ім ёсць паспяховы вопыт супрацоўніцтва, мы ў будучыню глядзім з аптымізмам. Мы гатовы абмяркоўваць і абмяркоўваем з ім розныя формы супрацоўніцтва. Але пакуль гаворкі пра куплю акцый «Гарызонта» не ідзе», — сказаў Вулінгс.

На пытанне пра магчымасць куплі іншых беларускіх актываў генеральны дырэктар сказаў: «Кампанія Philips сваю дзейнасць засноўвае на прадпрымальніцкім духу. Мы, як прадпрымальнікі, прымаем рашэнне пра лакалізацыю вытворчасці той ці іншай прадукцыі, кіруючыся ў першую чаргу камерцыйным інтарэам, грунтуючыся на зваротнасці інвестыцый. Калі лакалізацыя дае нам яўныя перавагі і гарантуе зваротнасць інвестыцый, мы заўсёды гатовы сесці за стол перамоў».

Гаворачы пра планы кампаніі на беларускім рынку, Вулінгс адзначыў, што «за дваццаць гадоў працы на гэтым рынку ў кампаніі былі ўзлёты і падзенні». «Але тым не менш мы знаходзім дзейнасць у Беларусі выніковай. Мы верым у бізнес на гэтым рынку і гатовы працягваць працу», — заявіў ён. Сярод перспектыўных кірункаў гендырэктар назваў развіццё светлавых рашэнняў, паколькі ў Беларусі ёсць патрэба ў светлавой энергаэфектыўнай тэхніцы, у тым ліку ў святлодыёдах. «Мы бачым выразны трэнд на павелічэнне патрэбы ў іх», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?