Члены Мытнага саюза гатовы паступова адысці ад большасці выняткаў, у тым ліку экспартных пошлін у дачыненні да Беларусі, але ад шэрагу выняткаў адысці, мабыць, не атрымаецца.

Пра гэта заявіў журналістам у Мінску першы віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Шувалаў па выніках пасяджэння лідараў МС 24 кастрычніка.Паводле слоў Шувалава, падчас сустрэчы беларускі бок пацвердзіў гатоўнасць падпісаць адпаведныя дакументы, якія поўнасцю ліквідавалі б усе выняткі ў гандлі з Расіяй. «Пазіцыя беларусаў гучыць так: «мы ўсё гатовы падпісаць без выняткаў». Гэта значыць, што нашы выняткі па экспартных пошлінах у дачыненні да іх прымяняцца не будуць», — цытуе РІА Новости першага віцэ-прэм'ера Расіі.

Шувалаў дадаў, што сёння складана сказаць, ці магчыма гэта: Казахстан пакуль не гатовы да такога сцэнарыя, паколькі «ім патрэбны тэрміны» (для адмены сваіх выняткаў). «Але, калі гэта магчыма юрыдычна і будзе прызнана магчымым, мы тады гэта зробім. Гэта азначае, што з 1 студзеня 2015 года для Беларусі не будуць прымяняць экспартныя пошліны», — растлумачыў урадавы чыноўнік.

Шувалаў дадаў, што цяперашні парадак паставак нафты і нафтапрадуктаў у Беларусі дзейнічае да канца года, а на 2014 год «трэба з Беларуссю дамаўляцца, як мы будзем дзейнічаць».

Акрамя таго, расійскі віцэ-прэм'ер раскрыў шэраг падрабязнасцяў падрыхтоўкі дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Паводле яго слоў, прэзідэнты Расіі, Беларусі і Казахстана дамовіліся аб тым, што дагавор будзе складацца з дзвюх частак, у першай з якіх будуць указаны ўсе інстытуты саюза з правамі і абавязкамі.

«Па другой частцы дамовіліся так, што ад формулы «без выняткаў і абмежаванняў» мы з 1 студзеня 2015 года цяпер адыдзем і да 1 сакавіка 2014 года мы прадставім пералік выняткаў, па якіх будуць уведзены пераходныя перыяды, пра якія мы дамовімся, і тэрміны, калі гэтыя выняткі перастануць дзейнічаць», — сказаў Шувалаў.

«Такім чынам, будзе падпісаны і, спадзяюся, ратыфікаваны дагавор, ён пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2015 года, па якім выняткі пэўныя будуць захаваны, але і ў гэтым дагаворы будуць вызначаны пераходныя этапы і канчатковыя тэрміны, калі гэтыя выняткі перастануць працаваць», — растлумачыў першы віцэ-прэм'ер Расіі. У той жа час Шувалаў дапусціў, што «некаторыя выняткі мабыць застануцца назаўжды».

Пра тое, што Расія згодна на паступовае выключэнне ўсіх выняткаў з рэжыму гандлю Мытнага саюза, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі вечарам 24 кастрычніка ў Мінску па выніках пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?