Пакупніцкая здольнасць беларускага экспарту ў студзені—жніўні 2013 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам паменшылася на 22,2%, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Як растлумачылі ў Белстаце, гэта адбылося «ў выніку неспрыяльных валавых умоў знешняга гандлю, якія характарызуюцца адставаннем індэксу фізічнага аб'ёму экспарту тавараў ад аналагічнага паказчыку па імпарце». Памяншэнне вартасных аб'ёмаў экспарту і імпарту тавараў у студзені—жніўні 2013 года «абумоўлена падзеннем сярэдніх цэн і фізічных аб'ёмаў паставак».

У параўнанні са студзенем—жніўнем 2012 года таварная маса экспарту паменшылася на 21,6%, імпарту — на 8,7%. Сярэднія цэны экспарту паменшыліся на 1%, імпарту — на 0,3%.

Найбольш істотна скараціліся фізічныя аб'ёмы экспарту інвестыцыйных (на 18,3%) і прамежкавых (на 28,4%) тавараў, у тым ліку энергетычных (на 21,7%) і іншых прамежкавых (на 34,5%) тавараў. Зніжэнне сярэдніх цэн экспарту назіралася па групе прамежкавых тавараў (на 3%), што выклікана падзеннем цэн на энерганосьбіты (на 7,2%).

Па імпарце найбольш нізкае значэнне індэксаў сярэдніх цэн і фізічнага аб'ёму склалася па групе энергетычных тавараў (98,5% і 64,6%).

У студзені—жніўні 2013 года ў параўнанні са студзенем—жніўнем 2012 года значна скараціўся фізічны аб'ём экспарту сядзельных цягачоў (у 1,9 разу), грузавых аўтамабіляў (на 35,3%), трактароў (на 23,1%), нафтапрадуктаў (на 22%), сельскагаспадарчай тэхнікі (на 10,7%).

Разам з тым адбылося значнае павелічэнне фізічных аб'ёмаў паставак на экспарт звадкаванага газу (на 29%), мяса і мясных субпрадуктаў (на 17%), тары пластмасавай (на 15,1%), мэблі, уключаючы медыцынскую (на 14%), малака і малочнай прадукцыі (на 12,5%).

Зніжэнне сярэдніх цэн экспарту назіралася на звадкаваны газ (на 18,2%), калійныя ўгнаенні (на 13,9%), шыны (на 11,3%), нафтапрадукты (на 9,8%).

Па імпарце значна скараціліся пастаўкі ў натуральным выражэнні нафтапрадуктаў (аб'ём увозу ў студзені—жніўні 2013 года склаў толькі 1,2% да ўзроўню студзеня—жніўня 2012 года), збожжавых культур (38,5%).

Зніжэнне сярэдніх цэн імпарту назіралася на электрычныя рухавікі і генератары (на 42,5%), вылічальныя машыны для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі (на 35,6%), аўтамабілі грузавыя (на 25,7%), каўчук сінтэтычны (на 25,3%), цукар-сырэц (на 17,1%), рухавікі ўнутранага згарання (на 15,7%), чорныя металы (на 13,4%).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?