У пятніцу 25 кастрычніка Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроці дазволілі сустрэцца з ксяндзом Уладзіславам Лазарам у следчым ізалятары КДБ, дзе ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца арыштаваны святар.

Сустрэча трывала каля гадзіны і адбывалася ў прысутнасці адказнага за следства і прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі, які выконваў абавязкі перакладчыка. 

Прадстаўнік Папы запэўніў арыштаванага святара ў асабістай блізкасці Папы Францішка і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, які з пільнай увагай суправаджае святара безупыннай малітвай. 

Ксёндз Уладзіслаў Лазар, які выглядае выпрабаваным турэмным зняволеннем, але цвярозым і рашучым, з узрушаннем выказаў падзяку Папу, таксама за ружанец, які перадаў Пантыфік, і сказаў, што арышт, які часам з'яўляецца вялікай пакутай, не перашкодзіў яму жыць глыбокім духоўным досведам.

Ён сцвердзіў таксама, што з'яўляецца патрыётам, любіць Беларусь і чакае справядлівага рашэння. Як чалавек веруючы, кс. Уладзіслаў сказаў, што прабачыў тым, хто стаўся прычынай ягоных пакутаў.

Ксёндз Уладзіслаў папрасіў Апостальскага Нунцыя заахвоціць усіх да малітвы за яго і зазначыў, што адчувае блізкасць Каталіцкага Касцёла, сімвалічна прысутнага ў гучанні касцёльных званоў, гукі якога далятаюць да ягонай камеры.

Размова мела нефармальны, братэрскі характар і скончылася супольным пажаданнем, каб следства было завершана як мага хутчэй, паведамляе catholic.by.

Ксяндзу Уладзіславу Лазару ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.

Ён абвінавачваецца паводле п. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Яго крымінальная адказнасць вызначаецца п. 6 арт. 16 КК (садзейнічанне ў злачынстве), што прадугледжвае тэрмін пакарання ад 7 да 15 гадоў. Кс. Лазар ўтрымліваецца ў турме СІЗА КДБ у Мінску. Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіла Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі, што адбылося 12 верасня.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру