Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі пасмяротна прысвоіў былому прэзідэнту краіны Звіяду Гамсахурдзіа і яго паплечніку Мерабу Кастава званне нацыянальных герояў.

Гамсахурдзіа і Кастава

Гамсахурдзіа і Кастава

Адпаведную заяву прэзідэнт зрабіў на адкрыцці мемарыяла загінулым воінам у вёсцы Квэма Алваані.

Саакашвілі назваў Гамсахурдзіа светачам нацыянальнай ідэі, які змагаўся за свабоду сваёй краіны яшчэ тады, калі амаль ніводны грузін пра гэта нават не думаў.

Паводле слоў прэзідэнта, не менш важны ўклад у здабыццё Грузіяй свабоды ўнёс і Кастава.

Звіяд Гамсахурдзіа і Мераб Кастава арганізавалі ў Грузіі першую апазіцыйную савецкай уладзе арганізацыю яшчэ ў 1954 годзе — «Гаргасліані».

На працягу наступных 30 гадоў іх неаднаразова затрымлівалі за антысавецкую дзейнасць.

У 1973 г. яны заснавалі арганізацыю па абароне правоў чалавека, Кастава ўзначаліў Грузінскі Хельсінкскі камітэт.

Самым гучным стаў іх арышт у 1977 годзе.

Тады Гамсахурдзіа пасля афіцыйнага раскаяння памілавалі, а Кастава правёў у турме наступныя дзесяць гадоў у Сібіры. У 1978 г. Кангрэс ЗША намінаваў Гамсахурдзіа і Кастава на Нобелеўскую прэмію міру.

Вызваліўшыся з месцаў пазбаўлення волі ў канцы 1980-х, Кастава увайшоў у лік лідараў руху за аддзяленне Грузіі. Ён быў адным з арганізатараў красавіцкай дэманстрацыі ў Тбілісі 1989 года, якую разагналі савецкія войскі. Праз некалькі месяцаў Кастава, які займаўся апроч палітычнай дзейнасці літаратурай і музыкай, загінуў у аўтакатастрофе пры нявысветленых абставінах.

Гамсахурдзіа ў 1990 годзе прыйшоў да ўлады і стаў першым прэзідэнтам незалежнай Грузіі, аднак ужо ў 1992 годзе яго зрынулі ў ходзе перавароту. У 1993 годзе ён загінуў, хаваючыся ад урадавых войскаў у вёсцы Дзвелі Хібула.

Па афіцыйных звестках, Гамсахурдзіа пакончыў з сабой, аднак існуе версія, паводле якой яго забілі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?