Гэтыя дні — дні нашай зайздрасьці да Грузіі.

Перад нашымі вачыма завяршаецца першы ў сучаснай грузінскай гісторыі спакойны, дэмакратычны, «штатны» пераход улады ад адной канкуруючай групы да іншай.

Амаль фантастычная карціна, калі думаць пра Беларусь.

Міхаіл Саакашвілі прыгожа, на хвалі «Рэвалюцыі ружаў», прыйшоў і прыгожа (хаця, як ні сьмешна, можа і не па ўласнай волі) сыходзіць. Грузія ператвараецца ў парлямэнцкую рэспубліку, што робіцца прыгожай «вішанькай на торце» па выніках звышпасьпяховага кіраваньня Саакашвілі.

Несяброўскія да Грузіі расейскія СМІ пішуць пра тое, што, маўляў, «ідзе паўсюдныя барацьба са спадчынай Саакашвілі» - але варта заўважыць, што абмяжоўваецца гэтая барацьба галоўным чынам кадравымі перастаноўкамі і барацьбой зь «перагінамі».

Фундамэнтальныя асновы грузінскай замежнай і ўнутранай палітыкі, закладзеныя Міхаілам Саакашвілі, застаюцца нязьменнымі і нікім ня ставяцца пад сумнеў.

Гэтыя асновы, галоўная зь якіх — курс на свабодную рынкавую эканоміку зь мінімальнай рольлю дзяржавы, дазволілі ператварыць Грузію з амаль што failed state ў рэгіянальнага лідара

па транспарэнтнасьці, умовах вядзеньня бізнэсу і барацьбе з карупцыяй, павялічыць сукупны ўнутраны прадукт краіны ў больш, чым два разы.

Саакашвілі сыходзіць пераможцам, бо ягоныя праціўнікі цяпер вымушаныя падзяляць ягоныя погляды.

Імкненьне да эўрапейскай інтэграцыі і да свабоднай рынкавай эканомікі і да рэінтэграцыі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі - гэта ў сучаснай Грузіі агульнапрынятыя рэчы, якія пад сумнеў ставяцца толькі маргіналамі.

І хаця «Баржомі» і грузінскія віны зноў вярнуліся на расейскі рынак, у розных эўразійскіх інтэгратараў наконт цяперашняй постсаакашвіліўскай Грузіі няма нават тых ілюзій, якія былі ў 2010 з абраньнем на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковыча.

Грузінаў можна павіншаваць. Ну а нам варта зайздросціць, але, што важней, — вучыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?