Маёнтак Навіцкага ў Драздах, застаўлены банку, фота Сяргея Гудзіліна

Маёнтак Навіцкага ў Драздах, застаўлены банку, фота Сяргея Гудзіліна

Генадзь Навіцкі цяпер ганаровы пенсіянер, photo.bymedia.net

Генадзь Навіцкі цяпер ганаровы пенсіянер, photo.bymedia.net

У 1994 Генадзь Навіцкі, на той час кіраўнік Магілёўскага аблсельбуда, зрабіў выбар, які вызначыў ягоную будучыню. Навіцкі актыўна збіраў подпісы за Аляксандра Лукашэнку і пасля ягонай перамогі стаў міністрам архітэктуры і будаўніцтва.

2001-2003 гады — зорны час для Генадзя Навіцкага. Ён другая асоба краіны, прэм’ер-міністр. Але кіраўнік краіны быў ім не задаволены і даволі хутка перасадзіў ва ўтульнае месца старшыні Савета рэспублікі.

У пачатку 2000-х Навіцкі трапіў у спіс некалькіх дзясяткаў высокіх чыноўнікаў, якія атрымалі прапанову пабудаваць катэдж у элітных Драздах, пад бокам у Лукашэнкі. Вядома ж, спікер парламента не адмовіўся.

Дом былога будаўніка быў дакончаны ў жніўні 2006 і аказаўся ледзь не самым вялікім сярод суседзяў — амаль 550 м2. Цяпер цана такой нерухомасці дасягае $2 мільёнаў!

Гэтым і скарыстаўся Навіцкі, калі 26 красавіка 2007, у дзень Чарнобыльскага шляху, аформіў крэдыт у дзяржаўным «Белінвестбанку». Ён, на той момант старшыня Савета Рэспублікі, пад заставу дома адкрыў рублёвую крэдытную лінію на 630 мільёнаў рублёў — $300 тысяч па тагачасным курсе.

Але самае цікавае — умовы выдзялення крэдыту.

Згодна з інфармацыяй Нацыянальнага кадастравага агенцтва, прадастаўленай «Нашай Ніве», Навіцкі ўзяў грошы пад палову стаўкі рэфінансавання — на той час 5,5%. Паводле дамовы, аддаць іх трэба да 2018. Такія вялікія крэдыты не даюць асобам перадпенсійнага ўзросту, але для Навіцкага зрабілі выключэнне.

Ці ўзяў Навіцкі ўсю крэдытную лінію, невядома. Але можна зрабіць прыблізныя разлікі: калі б ён вяртаў усю суму роўнымі плацяжамі, то штомесяц давялося б плаціць па 6,1 мільёна рублёў.

2007 год — час перад першай дэвальвацыяй. Пры тагачасным курсе даляра Навіцкаму давялося б вяртаць у рублях па $2850 штомесяц, па цяперашнім — усяго $668. Прычым інфляцыя працягвае змяншаць гэтую суму.

Больш за $2 тысячы чыстага «навару» за месяц — які добры дадатак да персанальнай пенсіі!

Вядома ж, падобным чынам штомесяц змяншаюцца крэдытныя выплаты ўсіх «ільготнікаў», якія атрымалі дзяржаўную дапамогу, — напрыклад, шматдзетных і маладых сем’яў. Але якім ільготнікам мог быць спікер Навіцкі, маючы сядзібу на 550 м2?

У красавіку 2007 мінімальная стаўка па рублёвых крэдытах «Белінвестбанка» складала 11% і маглі выдавацца яны на канкрэтныя мэты: аплату навучання, рытуальныя паслугі і лячэнне. Тыя, хто стаяў у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, маглі ўзяць грошы на куплю нерухомасці пад 11%, а астатнія — пад 16%.

Але каб пад 5,5% — ні пры якіх умовах.

Як кажуць, каму вайна, а каму маці радна. Для большасці людзей дэвальвацыя была драмай, яна з’ела іх рублёвыя ашчаджэнні. А для такіх «ільготнікаў» гэта была радасць. Бо яны на ёй ой як наварылі.

«Гэта не нармальна. Правілы павінны быць аднолькавымі для ўсіх пазычальнікаў, незалежна ад таго, якую пасаду займае той ці іншы грамадзянін. Спецыяльныя льготныя ўмовы для прэм’ер-міністра — гэта карупцыя», — каментуе сітуацыю былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. Зрэшты, гэта ўсё толькі здагадкі.

 

«Наша Ніва» адправіла пісьмовы запыт у «Белінвестбанк» з просьбай пракаментаваць сітуацыю. Хатні тэлефон Генадзя Навіцкага не адказвае ўжо другі тыдзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?