Беларусь не гатова сёння ўводзіць накапляльную пенсійную сістэму, паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, выступаючы 31 кастрычніка на сумесным пасяджэнні дзвюх палат парламента.

Яна адзначыла, што цяпер гаворка ідзе не пра рэфармаванне пенсійнай сістэмы, а пра яе адаптацыю да сучасных умоў.

Пры гэтым Шчоткіна заявіла, што перайсці да абавязковай накапляльнай пенсійнай сістэмы няма магчымасці. «Мы сёння віталі б увядзенне абавязковай накапляльнай пенсійнай сістэмы, аднак мы не можам сёння гэтага сабе дазволіць», — падкрэсліла яна.

Паводле слоў міністра, абавязковая пенсійная сістэма мае на ўвазе, што дзяржава павінна гарантаваць грамадзянам (пасля дасягнення пенсійнага ўзросту) вяртанне сродкаў з працэнтамі, якія перавышаюць узровень інфляцыі. «На сучасным этапе мы гэтую гарантыю даць не можам, таму мы разглядаем розныя варыянты развіцця пенсійнай сістэмы», — сказала Шчоткіна.

Яна звярнула ўвагу на тое, што міністэрства зыходзіць з наяўнасці двух узроўняў пенсійнай сістэмы. «Першы ўзровень — гэта салідарная сістэма, якая будзе адаптаваная першым чынам праз страхавыя ўнёскі, другая — добраахвотнае пенсійнае страхаванне, першым чынам карпаратыўнае. Сёння ўжо дзейнічае такая сістэма. Прадпрыемствы з мэтай утрымання высокакваліфікаваных спецыялістаў удзельнічаюць у праграмах па добраахвотным пенсійным страхаванні сваіх работнікаў», — растлумачыла кіраўнік Мінпрацы.

Адказваючы на іншыя пытанні парламентарыяў, міністр працы і сацабароны падкрэсліла, што тэма павышэння пенсійнага ўзросту цяпер не абмяркоўваецца. «Павышаць пенсійны ўзрост не плануецца, гэта тэма нават не абмяркоўваецца», — заявіла Шчоткіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?