21 кастрычніка, праз 70 гадоў пасля «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання» ў Мінску, АНТ паказала фільм «Хроніка Мінскага гета». (Сцэнар Б.Герстэна, рэжысёр У. Луцкі, прадзюсар У. Бокун).

Фільм створаны на грант Claims Conference, габрэйскай арганізацыі, што размяркоўвае нямецкія грошы сярод былых вязняў нацысцкіх канцлагераў. Беларуская дзяржава на аповед пра Мінскае гета чамусьці не раскашэлілась.

Напярэдадні адбыўся грамадскі прагляд у кінатэатры «Перамога». Прыблізна за гадзіну да яго на Мінск абрынулася залева, і горад ператварыўся ў велізарны затор. Пазней я даведаўся, што тыя, хто ўсё ж здолеў трапіць у кінатэатр, прасілі прытрымаць прагляд, каб дачакацца ўсіх. То бок усіх, хто, натуральна, чакаў ад стваральнікаў фільма праўды.

…У 22.05 я ўключыў тэлевізар… У 22-10 АНТ расказала пра нейкую новую цуда-макарону… У 22.15 я пачуў, як габрэйскія матулі душылі сваіх немаўлят, каб яны не выдалі сваім плачам астатніх… А ў 22.20 тэлеэкран паведаміў мне пра новыя лекі ад нястраўнасці…

Прайм-тайм.

Першая ў СССР кніга пра Мінскае гета (з архіва аўтара).

Першая ў СССР кніга пра Мінскае гета (з архіва аўтара).

Вязні і мсціўцы гета.

Вязні і мсціўцы гета.

Кніга, якая вытрымала чатыры выданні ў Нямеччыне.

Кніга, якая вытрымала чатыры выданні ў Нямеччыне.

Ганна Краснапёрка ў партызанах. 1943 г.

Ганна Краснапёрка ў партызанах. 1943 г.

Яшчэ адна кніга Гіршы Смоляра пра Мінскае гета. Пераклад з ангельскай мовы, 2002 г.

Яшчэ адна кніга Гіршы Смоляра пра Мінскае гета. Пераклад з ангельскай мовы, 2002 г.

Аўтограф верша Рыгора Барадуліна «Над Ямай» (з архіва аўтара).

Аўтограф верша Рыгора Барадуліна «Над Ямай» (з архіва аўтара).

На наступны дзень я зноў паглядзеў фільм на партале tut.by. А потым чытаў выказванні суседзяў па віртуальнай інтэрнэт-зале. «Собрались евреи и сделали фильм о евреях… Теперь его купят продюсеры евреи и т.д.», «Спасибо немцам. Они сделали наш город чище»…

Пара цвярозых галасоў проста патанае ва ўзнятай хвалі антысемітызму, адкрытага або прыхаванага. Узнятай, па ўсім відаць, не старымі закаранелымі антысемітамі, бо старыя па інтэрнэце наўрад ці шныраюць.

Але чаму іх нашчадкаў не напалохалі жахі Мінскага гета, а кранальныя споведзі былых ягоных вязняў, увогуле эмацыйная насычанасць фільма, не вымусілі страпянуцца ад лёсу іх колішніх землякоў?!

Я працягнуў руку да кніжнай паліцы і ўзяў адтуль невялікую кніжку ў мяккай зжаўцелай вокладцы з малюнкам, на якім быцццам імкнуцца ў бой дзядок у вушанцы і дзяўчына ў хустцы з дубальтоўкамі…

Гэта кніжка была сярод першых, што я прачытаў у дзяцінстве. Добра памятаю, як я чытаў яе ва ўтульным крэсле, яшчэ мала разумеючы, што там напісана і што адбываецца наўкол. «Тата, — пытаўся я, — а што такое гета?» Ён тлумачыў, я ўціскаўся ў крэсла ўсё глыбей і глыбей…

Колькі год кніжка стаяла ў бацькоўскай бібліятэцы на бачным месцы, а потым знікла.

Знікла адусюль.

Так пачыналася другая, ідэалагічная «ліквідацыя» Мінскага гета ў межах «канчатковага вырашэння габрэйскага пытання» па-сталінску.

Я вось думаю: чаму ў фільме АНТ так няўцямна ўзгадана пра Гірша Смоляра і існаванне ў гета нейкага супраціву, а пра ягоную кніжку «Мсціўцы гета» — ані слоўца?

Кніжку, з якой, дарэчы, нягледзячы на забарону, колішні Інстытут гісторыі партыі злічаў усё, што таемна даследвалася пра Мінскае гета…

Дык вось, чаму? Ці не таму, што фільм, так бы мовіць, трапіў у прайм-тайм, то бок у зручны для ягоных стваральнікаў час ідэалагічнага «навабуду» ў стаўленні ўладаў да «габрэйскага пытання»? Ахвяры, жахі, помнікі, жалобныя мітынгі з удзелам афіцыйных асоб — колькі заўгодна.

Масавы ўдзел габрэяў, у тым ліку з гета, ва ўзброеным супраціве нацызму — праз зубы. Дзяржаўны антысемітызм у СССР і на постсавецкай прасторы — калі не табу, то маўчок. Фігура змаўчання, так бы мовіць…

У фільме цытуюцца «Асаблівыя правілы ратавання» невядомага аўтарства, якія нібыта існавалі ў Мінскім гета: «Не высоўвайся, сядзі ціха. Прыкінься, што цябе тут няма. Не глядзі ў вочы нацыстам і паліцаям.

Дзеля выратавання прыдатны ўсе сродкі акрамя здрадніцтва — даносчыкаў немцы забіваюць таксама. Калі ў цябе ёсць грошы, паспрабуй выкупіць сваё жыццё, але не спадзявайся, што яго цябе прададуць…» І апошняе: МАЛІСЯ…

Не ведаю, ці насамрэч існавалі такія правілы, ці гэта літаратурнае падсумоўванне трагічнага вопыту жыцця на краі смерці. Але дакладна ведаю, якое правіла існавала сапраўды, і пра якое забыліся стваральнікі фільма: ЗМАГАЙСЯ!

Практычна ўсё, што ёсць ў гэтым фільме, ёсць у кніжцы Гірша Смоляра. Але ўсяго, што ёсць у кніжцы Гірша Смоляра, у фільме няма. Нічога з дзясяткаў фактаў падпольнага і партызанскага супраціву вязняў гета. Нічога з мноства лічбаў і прозвішчаў, у тым ліку здраднікаў і нацысцкіх памагатых з боку габрэяў. Нічога з трагічных і гераічных лёсаў мсціўцаў і барацьбітоў…

Так, ёсць жудасная гісторыя, паводле аўтараў фільма — «хроніка» Мінскага гета.

Але ёсць яшчэ гісторыя гісторыі Мінскага гета, якая пачалася менавіта з кніжкі Гіршы Смоляра — падпольшчыка, партызана, пісьменніка, журналіста — яшчэ ў 1947 годзе, першай у СССР.

Гісторыя забарон, афіцыйнага замоўчвання і палітычна-крымінальнага пераследу. Але не толькі.

Па-за межамі забарон і замоўчвання гэта гісторыя налічвае сотні ўспамінаў і дзясяткі навуковых даследаванняў, мноства газетных артыкулаў і фотаздымкаў…

Неяк дзіўнавата бачыць аўтараў «Хронікі…» ў якасці першаадкрывальнікаў, якія, сцвярджае Уладзімір Бокун «…Работали в архивах Америки, Германии, Беларуси… В конце концов, …удалось воссоздать картину трагедии».

Трэба было працаваць у замежных архівах, каб «воссоздать картину трагедии» шырокавядомымі кадрамі з Варшаўскага гета. Пра гэта, праўда, аўтары папярэджваюць, спасылаючыся нібыта на забарону немцаў здымаць у Мінску. Каму забарона — самім сабе? У Варшаве можна, у Мінску — нельга? Нават калі была такая забарона, навошта вось так?

Трэба было працаваць у замежных архівах, каб спасылацца на даўно вядомыя звесткі, факты і дакуманты кшталту «цукерак Кубэ» і загадаў акупацыйных уладаў…

Прадбачу пярэчанне: вядомае старэйшым людзям моладзі невядома, таму пра жахі гета трэба распавядаць зноў і зноў. Безумоўна, трэба. Але чаму так, як быццам ніхто ніколі пра гета не распавядаў?

Я зноў цягну руку да кніжнай паліцы і бяру адтуль «Пісьмы маёй памяці» Ганны Краснапёркі. Кніжка выдадзена ў 1984 годзе і стала вядомай у свеце. Толькі ў Нямеччыне яна выдавалася чатыры разы.

Я зноў цягну руку да кніжнай паліцы і бяру адтуль касету з фільмам светлай памяці Самсона Палякова «Яма…», што быў створаны ім у відэацэнтры ПЭН-цэнтра яшчэ ў 1999 годзе, але паказаны толькі раз у мінскім хэседзе. Мусіць, таму, што ў жахлівыя ўспаміны трох былых вязніц урываюцца звар’яцелыя антысеміцкія заклікі сумнавядомага генерала Макашова…

«Хроніка Мінскага гета» ці не пачынаецца з выявы даваеннага герба БССР і замілаванай згадкі нібыта пра чатыры мовы, на якіх заклікаліся на ім яднацца пралетарыі ўсіх краін.

Быццам аўтары фільма не ведаюць, што хавалася за гэтай дэкарацыяй інтэрнацыяналізму. Дэкарацыі, якая і была выкінута якраз да вайны, у 1938 годзе, калі ідыш і польская мова зніклі з герба канчаткова.

Дык ці маральна сёння расказваць пра гета і нічога не казаць пра народжаную Сталіным ці не ад самага пачатку вайны палітыку дзяржаўнага антысемітызму, што стварыла глебу для будучага славяна-фашызму?

Пра безліч ахвяраў гэтай палітыкі — ад забароненых кніжак да падпольшчыкаў, што з гета ды канцлагераў траплялі ў сталінскі ГУЛАГ; ад былых франтавікоў да партызанаў, што амаль усё далейшае жыццё пражылі пад ціскам 5-й графы…

Ці маральна сёння згадваць пра беларусаў, якія, рызыкуючы жыццём, ратавалі габрэяў, і нічога не казаць пра антысемітызм пэўнай часткі іх супляменнікаў, за якім цягнецца крывавы след не толькі паліцэйскіх, але і партызанскіх расправаў?

Дзеля чаго — казаць?

Дзеля праўды.

Бо антысемітызм вельмі ўтульна пачувае сябе ў «прайм-тайме», хаваецца за паўпраўдай ды сілкуецца атрутай хлусні.

А дзеля чаго тая праўда?

Адказ я знайшоў у кніжцы Гірша Смоляра. Усё ж бацька схаваў яе не зусім.

Дзве рэчы я захоўваю ў гэтай кніжцы — уласную памяць і верш «Над Ямай», падораны Рыгорам Барадуліным.

«Галовы схілім
Над жахлівай Ямай.
Яна нямая,
Бо ня мае дна.
…Па радасці і па бядзе браты,
Мы ўсе стаім
Над апраметнай Ямай…»

Усе?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?