Гомельскі абласны суд штотыдзень і часам нават штодзень слухае справы па артыкуле 139 Крымінальнага кодэксу (забойства). Апошнія гады гэтыя справы здзіўляюць сваім крэшчэнда — жорсткасцю, тупасцю, абыякавасцю і цынізмам.

Жыхар Гомеля забіў студэнтку за выпадкова кінутыя абразлівыя словы — 102 нажавыя раненні. Найвышэйшая мера пакарання.

Два жыхары абласнога цэнтра жорстка забілі знаёмага студэнта, які пусціў іх летнім дажджлівым вечарам абсушыцца. Затым адкрылі газавыя фаеркі — каб замесці сляды злачынства (і гэта ў дзевяціпавярховым доме!). 25 і 15 гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер Следчы камітэт расследуе крымінальную справу па забойстве 19­-гадовай жыхаркі Рэчыцы. Дзяўчыну злачынец так знявечыў, што цяжка было нават вызначыць прычыну смерці. Яна памірала ў страшных пакутах.

За два месяцы да дадзенага злачынства Рэчыцу ўскалыхнула яшчэ адно забойства — 23­-гадовай студэнткі Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. Абвінавачваны ў злачынстве — яе былы хлапец, грамадзянін Расіі, аднакурснік. Яна з ім не хацела больш сустракацца, таму ён па­зверску адпомсціў дзяўчыне.

У гэтыя дні Гомельскі абласны суд распачаў слуханні яшчэ адной рэзананснай «чорнай» справы: забойства 45-­гадовага прадпрымальніка і яго маці.

Паводле дадзеных следства, замовіў свайго бацьку і бабулю 20-­гадовы на той час ды­джэй, а выканаўцам згадзіўся быць яго знаёмы аднагодак.

Цяпер абодва сядзяць на лаве падсудных. Толькі выканаўца «супрацоўнічае са следствам», ахвотна адказвае на пытанні, падрабязна тлумачыць — як планавалася злачынства, як ён забіваў, як хаваў целы забітых.

Замоўца ж не прызнае сваёй віны, усе паказанні свайго знаёмага педантычна запісвае ў нататнік, паводзіць сябе на судзе абсалютна спакойна і адчужана. Доўгія валасы, стылёвая фрызура, модны пінжак, разняволеная пастава — і ніякіх эмоцый на твары…

Такое ўражанне, што ды­-джэй, зорка нізкапробных правінцыйных клубаў, выпадкова трапіў за шкляную клетку абласнога суда і знаходзіцца тут у якасці пабочнага назіральніка, а ніяк не абвінавачванага.

Канечне, ды­джэй гэты «валодае велізарным талентам, можа лёгка і хутка запаліць велізарную аўдыторыю, ён літаральна сам крэатыў, яго выступы не маюць аналагаў». Так пішуць пра абвінавачванага на музычных інтэрнэт­-старонках.

Але і справа, сапраўды, у Гомелі яшчэ не мела аналагаў.

А меркаваны выканаўца зусім іншы, гапарскага тыпу — коратка пастрыжаны, у спартыўным гарнітуры.

Што паказаў выканаўца? Жудасць! Яго знаёмы, гэты таленавіты музыка, прапанаваў яму хутка і няблага зарабіць. Жыццё таты 20-­гадовы жыхар Гомеля ацаніў у $10 тысяч.

Восеньскім вечарам у канцы лістапада ў гомельскім бары «Галівуд» знаёмыя разважліва дамаўляліся пра дэталі забойства ў стылі нізкапробных галівудскіх баевікоў.

DJ аддаў ключы ад брамкі і хаты свайго бацькі, даў некалькі дзелавых парад. Сам жа застаўся ў «Галівудзе». Як патлумачыў выканаўцу — каб забяспечыць сабе алібі.

Сынок скардзіўся, што бацька яму дае мала грошай, і такім чынам ён вырашыў авалодаць у адзін момант усёй маёмасцю, якая перайшла б яму ў спадчыну: дом, дарагія прэстыжныя аўтамабілі, пракат якіх арганізоўваў прадпрымальнік, грошы.

Дарэчы, ці малады чалавек забыўся на памятную дату, ці адмыслова прызначыў забойства на дзень напярэдадні бацькавага 45­-годдзя.

Пра бабулю, якая жыла разам з бацькам, сынок даў такія інструкцыі: калі будзе спаць — не чапаць яе.

Выканаўца ў той час, пакуль ды­джэй забаўляўся ў «Галівудзе», пайшоў на «справу», прыхапіўшы малаток. Глыбокай ноччу ён адчыніў ключамі брамку, затым — дзверы ў хату і трапіў на веранду. Тут яго нечакана сустрэў прадпрымальнік, які якраз не спаў.

Забойца асалапеў і пачаў нешта вярзці пра сына Максіма, які даў яму ключы, каб забраць нейкую рэч. Агаломшаны быў і прадпрымальнік, сустрэўшы чужанца ў сваім доме ў тры гадзіны ночы.

Той жа, справіўшыся з неспа­дзяванкай, перадаў ключы мужчыну і ў тую ж хвіліну стукнуў яго малатком па галаве. Прадпрымальнік адхіснуўся, але не ўпаў.

Пачалася барацьба. У веран­дзе, затым — у хаце, потым абодва ўваліліся ў ванны пакой і там працягвалі біцца. У выніку неяк гаспадар дома заваліў і прыдушыў нападніка.

Прачнулася ад шуму бабуля, якую прадпрымальнік папрасіў прынесці нож. Бабуля ж у разгубленасці схапіла закаркаваную бутэльку шампанскага.

Тым часам абвінавачваны вырваўся, выхапіў у старой жанчыны бутэльку і стукнуў па галаве мужчыну. Адштурхнуў бабулю. Тая звалілася на падлогу. Забіў бутэлькай шампанскага мужчыну, затым узяўся за бабулю. «За што?» — толькі паспела спытацца старая.

Ад доўгай барацьбы і атрыманых пашкоджанняў забойцу стала блага. Ён пачаў пісаць смс­-паведамленні ды­-джэю: маўляў, прыязджай, дапамажы мне. Той аднекваўся, маўляў, сам дасі рады. У выніку ўсё ж замоўца прыехаў.

Убачыў забітую бабулю — і яму стала блага. Але, нічога, вытрымаў. Даў чарговыя інструкцыі выканаўцу. І «памыў рукі», кінуўшы на развітанне, як Пілат: «Глядзі сам». Маўляў, сам разбірайся далей.

Трупы выканаўца пагрузіў у адзін з аўтамабіляў забітага, спрабаваў выехаць на ім — не ўдалося. Перанёс забітых у хату. Сам жа «пажывіўся» там дарагім алкаголем, айфонам, гадзіннікам «Ролекс».

І пайшоў спаць да сябра. Спаў — як пшаніцу прадаўшы, амаль суткі, па яго ж паказаннях. Тым часам замоўца не плакаў, не рваў на сабе валасы, а паехаў у першапрастольную па справах, у матушку Маскву.

Забойца ж пяць дзён яшчэ наведваўся ў хату сваіх ахвяр, выносіў рэчы, якія яму спадабаліся. Нарэшце, праз некалькі дзён пасля злачынства запаліў хату разам з нябожчыкамі.

Блізкіх сваякоў у нябожчыкаў не было (акрамя дарагога сына і ўнука), таму ніхто не схамянуўся, аж пакуль не загарэўся дом. Прыехалі выратавальнікі, знайшлі целы прадпрымальніка і яго маці.

Адразу стала зразумела, што нешта тут не так, не ад непатушанай цыгарэты загарэўся дом. Першым узялі сына. Ён адмаўляў сваю віну. Але былі тэлефонныя перамовы, іншыя прамыя і ўскосныя доказы.

Чым скончацца судовыя слуханні — пакуль невядома. Выканаўца ахвотна адказвае на пытанні суда, падрабязна распавядае пра акалічнасці злачынства… Сваякі ахвяраў у гэтыя моманты горка плачуць у судовай зале, прычым і забойца ж — таксама іх «родная кроў».

Суддзя глядзіць у стол, калі абвінавачваны падрабязна тлумачыць пра малаток, бутэльку шампанскага, як і дзе хаваў трупы, як выносіў алкаголь, айфон, «Ролекс»…

Толькі патэнцыйны замоўца забойства паводзіць сябе спакойна і адчужана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?