«Тут, баценька, усё падпарадкаванае інтарэсам нафты», — пісаў у апошняй па часе частцы дэтэктываў пра сышчыка Эраста Пятровіча Фандорына Барыс Акунін. Кніга называецца «Чорны горад», а дзеянні адбываюцца ў «самым усходнім горадзе Захаду» — гэта значыць Баку — у апошнія гады існавання Расійскай імперыі.

Тады на Апшэронскім паў­востраве здабывалі 90-% усёй расійскай нафты і каля паловы нафты свету. Азербайджанская нафта ляжыць амаль на паверхні. У Тэхасе, каб трапіць да «чорнага золата», свідравіны трэба было бурыць у пяць разоў глыбейшыя.

«Горад­нуварыш», казалі тады пра Баку. Горад імкліва разрастаўся. Ён захоўваў і азіяцкія традыцыі, але некаторыя праспекты і бульвары хутчэй нагадвалі Ніцу. У Баку працавала вялізная колькасць замежных грамадзян, дыпламатаў, шпіёнаў. Нафта прыцягвала і людзей, і грошы.

Потым быў Савецкі Саюз, дзе Азербайджан быў адной з найбольш адсталых рэспублік, нават суседнія Арменія і Грузія былі ў лепшых умовах. Фактычна, незалежнасць Азербайджан сустракаў у жабрацкім стане, і так працягвалася аж да першай паловы нулявых гадоў XXI стагоддзя, калі цэны на нафту ўзляцелі да нябёсаў, а грошы зноў паліліся на берагі Каспія.

Праспект Нафтавікоў

Галоўная вуліца Баку называецца праспектам Нафтавікоў. Па шчырасці, нават не ўяўляю, як бы ён мог называцца па­іншаму, што б яшчэ гэтак падкрэсліла першаснасць і значнасць гэтага карыснага выкапня для эканомікі краіны. Некалі праспект быў названы ў гонар Аляксандра ІІ, потым — Сталіна. Але ўсё гэта было штучным, нанасным. Праспект Нафтавікоў — назва арганічная. Нафта грае вырашальную ролю ў сённяшнім жыцці Азербайджана.

«Некалі Financial Times напісала, што Баку сёння дае 1% нафты свету, але па горадзе складваецца ўражанне, што зноў не менш за палову», — кажа палітолаг Расім Мусабекаў

«Азербайджанская эканоміка — гэта нафтавая эканоміка», — пачынае размову былы кіраўнік Дзяржаўнай Азербайджанскай нафтавай кампаніі Сабіт Багіраў. Сёння ён узначальвае недзяржаўную арганізацыю, што займаецца праблемамі прадпрымальніцтва.

Ці будзе пастаўляцца ў Беларусь?

Мяне найперш цікавіць, ці магчыма ўсё ж пастаўляць нафту, што здабываецца ў Каспійскім моры, у Беларусь, ці можа быць альтэрнатыва расійскім пастаўкам.

У ліпені 2011 года афіцыйнае агенцтва БелТА апублікавала радасную навіну: «Мазырскі НПЗ пачаў прыём азербайджанскай нафты». На жаль, за такім шматабяцальным пачаткам працягу так і не дачакаліся.

«Пасля будаўніцтва нафтаправода Баку — Тбілісі — Джэйхан усё, што можна прадаваць, ідзе па гэтай трубе. І гэта разумна з эканамічнага гледзішча. І цэны, і тарыфы больш выгадныя», — кажа сп.Багіраў.

Ён называе бздурай меркаванні, што азербайджанская нафта не ідзе ў Беларусь, бо таго не дазваляе Расія. «Гэта выключна камерцыйныя моманты».

Багіраў тлумачыць, што тут пытанне не ў эканоміцы, а ў палітычнай волі: «Дамовяцца кіраўнікі дзяржаваў — нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь, хай і са стратамі для нас. Але дзеля гэтага беларусы пойдуць на нейкія іншыя саступкі».

Газ

Тым не менш, нафтавыя запасы Азербайджана не бясконцыя. З даказаных радовішчаў нафты маецца толькі 1,2 мільярда тон. Прыкладна столькі ж мае Нарвегія. Расія мае 13 мільярдаў, а Саудаўская Аравія ўвогуле — 36.

Разам з тым у Азербайджане ёсць вялізныя запасы прыроднага газу. «Усё зафрахтавана да 2025­-2030 гг, — кажа Багіраў. — Ёсць графікі, уплішчыцца ў іх практычна немагчыма. Кітай у Туркменістане як зрабіў? Яны ўзялі ўчастак на разведку. Яшчэ здабычы няма, а яны ўжо будуюць газаправод. Кітай — багатая краіна, яны могуць сабе такое дазволіць. Беларусь жа не можа сабе дазволіць інвеставаць у газаправод, калі яшчэ няма рэальных аб’ёмаў здабычы».

Ненафтавы сектар эканомікі Азербайджана развіты крайне слаба, у вялікай ступені прадстаўлены толькі сферай абслугоўвання, лёгкай прамысловасцю і ў нейкай ступені сельскай гаспадаркай. Каля трох чвэрцяў паступленняў у бю­джэт — гэта нафтавыя грошы. А ёсць і Дзяржаўны нафтавы фонд, у якім каля 40 мільярдаў даляраў.

Карупцыя

Вялізная нявырашаная праблема, якая спараджаецца ў тым ліку нафтавым прыбыткам, — гэта карупцыя. Я расказваў у Баку, што прыкладна раз на ты­дзень Лукашэнка саджае ў турму кагосьці з чыноўнікаў, каб засведчыць барацьбу з карупцыяй. Узгадаў выпадак з намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Васільевым, які трапіўся на хабары ў памеры 500 тысяч даляраў. «Паўмільёна? — здзіўлена перапыталі ў мяне. — Для нас гэта зусім не грошы».

Для барацьбы з карупцыяй на нізавым узроўні колькі гадоў таму ў Азербайджане быў распрацаваны добра вядомы беларусам «прынцып аднаго акна». Пакуль ён дзейнічае не паўсюль, а толькі ў некаторых раёнах. Кажуць, людзі вельмі задаволеныя.

«Азербайджанцы, як ні дзіўна, самі правакуюць карупцыю. Карупцыя на найвышэйшым узроўні для нас проста недасяжная. У нас нават не хапае фантазіі, каб уявіць яе сапраўдныя памеры. Калі ж карупцыя датычыць простых чыноўнікаў і простых азербайджанцаў, то я бачу паралельную віну абодвух бакоў.

Азербайджанцы не звыкліся доўга чакаць перад офісам ці перапісвацца. Яны прыходзяць і просяць зрабіць даведку цягам гадзіны, вырашыць іншыя праблемы. Натуральна, што ў замену нешта абяцаюць», — расказвае праваабаронца Аваз Хасанаў.

Стандартная плата «на лапу» ў бальніцы ці ў сістэме ЖКГ складае 3­5 манатаў (35­60 тысяч рублёў).

Некалькі гадоў назад у Азербайджане была прынятая пастанова, якая абавязвае багатых людзей штогод дэклараваць свае даходы, але анекдатычнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што да гэтага часу не распрацаваныя бланкі для дэкларацый. Таму ніхто і не адчытваецца.

Вядома, за багацці людзі плоцяць уладзе поўнай палітычнай лаяльнасцю. Ніякай гаворкі пра тое, што нехта з мільянераў­мільярдэраў падтрымае апазіцыю проста не вя­дзецца.

«Нафта разбэшчвае. І людзей, і ўрад. Нафта — гэта парасон для ўрада, каб не праводзіць рэформы ці праводзіць іх вельмі­вельмі марудна. Каб 7 гадоў распрацоўваць формы для дэкларацый», — скончвае размову Сабіт Багіраў.

«Калі ты не вельмі занепакоены, каб ствараць умовы для бізнэсу, падаткаў, калі ты не занепакоены тым, як зарабіць, а толькі як патраціць, то тут і ўзнікае карупцыя. Гэта бяда для ўсіх краін з нафтай (апроч Канады і Нарвегіі). Карупцыя ў Венесуэле ці Нігерыі большая, чым наша. А самы дарагі горад у свеце — гэта Луанда», — кажа палітолаг, дэпутат Мілі Мэджлісу Расім Мусабекаў.

Вядома, грошы не толькі раскрадаюцца. Вялікая частка ўкладаецца ў гарадскую інфаструктуру. Баку — гэта «квітнеючы сад», як сказаў бы адзін нам вядомы беларускі палітык.

Будучыня

Сёння ў Баку мала хто пераймаецца, што ж будзе, калі нафта скончыцца ці калі цэны на яе ўпадуць. Усе ўпіваюцца багаццем, якое сыплецца на галовы зараз. Энергетычная стратэгія Еўрасаюза 20­-20-­20 абвешчана некалькі гадоў таму. На 20% знізіць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, на 20% павысіць выкарыстанне альтэрнатыўных і ўзнаўляльных крыніц энергіі. І на 20% павысіць эфектыўнасць энергарэсурсаў. Еўропа інтэнсіўна ідзе ў гэтым кірунку. «Газпрам» зменшыў пастаўкі газу ў Еўропу не таму, што так захацеў. А Азербайджан жа пакуль ніяк не прасоўваецца ў гэтым кірунку.

Аліева пераабралі

9 кастрычніка ў Азербайджане прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле афіцыйных дадзеных, дзейны прэзідэнт Ільхам Аліеў набраў больш за 84%. Апазіцыя не здолела навязаць барацьбу. Масавых акцый пратэсту пасля выбараў не было.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?