У Мінску ўзяты пад варту кіроўца, які зрабіў п'янае ДТЗ, у якім пацярпелі два чалавекі.
Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення (па выніках агляду -- 3,04 праміле), 34-гадовы кіроўца Mazda 626 рухаўся па вуліцы Талбухіна ў напрамку праспекта Незалежнасці. Праязджаючы каля дома №5, ён не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі, дзе ўрэзаўся ў дрэва. У выніку ДТЗ траўмы атрымалі два пасажыры Mazda, адзін з іх дастаўлены ў рэанімацыю.
Мужчына ўжо быў пазбаўлены права кіравання за язду ў нецвярозым стане, тэрмін пазбаўлення мінуў, але іспыты ён не пераздаваў.
У дачыненні да кіроўцы заведзена крымінальная справа па частцы 4 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Санкцыяй артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 7 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Да суда ён будзе знаходзіцца ў СІЗА.