Да вас звяртаюцца жыхары вёскі Вялікі Бокаў Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Мазырскім райвыканкамам прынята рашэнне № 15 ад 2013/10/17 года аб увядзенні буфернай зоны вакол свінафермы ў в. Козенкі. У буферную зону ўключаны вёскі: Козенкі, Барыскавічы, Вялікі Бокаў, пасёлак Сасновы. У ліпеньскай пастанове Мінсельгасхарча № 30 пазначана, што за пяць кіламетраў ад комплексу — не фермы, а менавіта комплексу — забаронена ўтрыманне свіней як фізічнымі асобамі, так і фермерскімі гаспадаркамі.

Мы разумеем, што на комплексах сканцэнтраваная вялікая частка пагалоўя і там створаныя адмысловыя меры бяспекі. Але ўтрыманне Козенской свінафермы не падлягае ніякай крытыцы. Там нават нармальных варотаў і плоту не існуе, не кажучы ўжо пра ўмовы працы свінарак і магчымасці выконваць хоць нейкія прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні распаўсюджвання эпідэміі афрыканскай чумы свіней.

Там па сённяшні дзень выкідаюць за плот здохлых свіней, мяса і косткі, якіх вясковыя сабакі расцягваюць па ўсім наваколлі. А яшчэ трэба ўлічваць, што козенскія фермы (дзе гадуюць буйную рагатую жывёлу і свіней) размешчаны ў парушэнне санітарна-гігіенічных і экалагічных патрабаванняў.

Насельніцтвам неаднаразова ўздымалася гэтае пытанне, але воз і цяпер там. У нас пра дабрабыт народу кажуць толькі ў сродках масавай інфармацыі, добра хоць лозунгаў ўжо не развешваюць. Рашэнне раённымі ўладамі прынята, але, маючы на ўвазе нешматлікае пагалоўе свіней на свінаферме, ніхто не правёў аналіз колькасці пагалоўя свіней, якіх трымаюць жыхары вёсак у зоне каранціну.

Чаму зноў інтарэсы простага народу не прынятыя да ўвагі? Чаму катэгарычна агавораны тэрміны знішчэння свіней? Чаму не даць людзям, пры безвыгульным утрыманні свіней, пры выкарыстанні кармоў нашай вытворчасці, падкарміць да вясны парасят? Дарослых свіней людзі са спакойным сумленнем здадуць на мясаперапрацоўчыя камбінаты або перапрацуюць для сябе.

А як быць з супароснымі свінкамі? Няўжо дзяржава, што так «дбае» аб дабрабыце народа, не магла б абавязаць буйныя свінакомплексы стварыць каранцінныя аддзяленні і пасля пэўных даследаванняў прымаць ад насельніцтва па прымальных цэнах гэтых свінак?

У Гомельскай вобласці яшчэ не было зарэгістравана ніводнага выпадку афрыканскай чумы свіней, роўна як і ў Мазырскім раёне. Дык навошта ж без нажа рэзаць людзей? Ці мясцовай уладзе захацелася яшчэ больш падтрымаць саўгас-камбінат «Зара»? Мы думаем, што ўлада не есць мяса, якое выгінаецца падчас смажання на патэльні ад вялікай колькасці кармавых дражджэй.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру