Яўген Бойка прэзентуе «Стратэгію-2015».

Яўген Бойка прэзентуе «Стратэгію-2015».

Як перамагчы дыктатуру: рэцэпт ад Яўгена Бойкі.

Як перамагчы дыктатуру: рэцэпт ад Яўгена Бойкі.

Аляксей Янукевіч (БНФ), Юрась Губарэвіч («Рух за свабоду») і Сяргей Вазняк («Гавары праўду») (злева направа) агучылі ідэю «Народнага рэферэндуму».

Аляксей Янукевіч (БНФ), Юрась Губарэвіч («Рух за свабоду») і Сяргей Вазняк («Гавары праўду») (злева направа) агучылі ідэю «Народнага рэферэндуму».

Старшыня Нацыянальнай платформы Улад Вялічка.

Старшыня Нацыянальнай платформы Улад Вялічка.

Андрэй Ягораў («Цэнтр еўрапейскіх трансфармацый») — нацыянальны каардынатар Форума грамадзянскай супольнасці.

Андрэй Ягораў («Цэнтр еўрапейскіх трансфармацый») — нацыянальны каардынатар Форума грамадзянскай супольнасці.

На канфэрэнцыю прыйшлі прадстаўнікі пяцідзесяці НДА.

На канфэрэнцыю прыйшлі прадстаўнікі пяцідзесяці НДА.

Каля пяцідзясяці недзяржаўных арганізацый паўдзельнічалі ў канферэнцыі Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці.

Адзін з удзельнікаў — 25-гадовы Яўген Бойка з Магілёва – агучыў на мерапрыемстве сваю ініцыятыву пад працоўнай назвай «Стратэгія-2015». Ключавое месца ў ёй займае падрыхтоўка людзей да вулічнай барацьбы, ці Плошчы, на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Хлопец не бачыць іншага спосабу дабіцца грамадзянскіх правоў у нашай краіне.

Некаторыя ўдзельнікі ідэю маладзёна ўспрынялі, мякка кажучы, скептычна.

Старшыня канфедэрацыі прадпрымальнікаў Уладзімір Карагін катэгарычна выказаўся, што «каірскія плошчы для нас непрымальныя»: «Мы за тое, каб адбудоўваць нармальную грамадзянскую супольнасць у нармальных цывілізацыйных працэсах. Шмат зроблена памылак, мы губляем ад гэтага нацыянальную канкурэнтаздольнасць».

Ягоны цёзка метадолаг Уладзімір Мацкевіч параіў Нацплатформе пазбаўляцца наіўнасці, бяздумнага рамантызму і шапказакідальніцтва.

Апазіцыйныя палітыкі Аляксей Янукевіч (БНФ), Юрась Губарэвіч («Рух за свабоду») і Сяргей Вазняк («Гавары праўду») агучылі на канфэренцыі ідэю «Народнага рэферэндуму».

Сутнасць у тым, каб да 2015 года сабраць паўмільёна подпісаў па важных для ўсіх беларусаў пытаннях.

На сёння арганізатары рэферэндуму вызначылі 10 базавых пытанняў. Па выніках кансультацый з экспертамі — эканамістамі, палітолагамі, застанецца пяцёрка найважнейных.

Хочацца верыць, што ініцыятары пракансультуюцца яшчэ і з мовазнаўцамі. Тэкст, які быў раздадзены ўдзельнікам канферэнцыі, спрэс у памылках і абдрукоўках. Адна назва чаго вартая – «За пермены!».

Для грамадскай супольнасці Беларусі па-ранейшаму актуальныя дзве праблемы, лічыць Сяргей Мацкевіч, старшыня рабочай групы Асамблеі НДА.

Па-першае, беларусы мала ведаюць пра тыя магчымасці, якія прапануе Еўрапеўскі саюз, у тым ліку па лініі Усходняга партнёрства. Па-другое, беларускія ўлады да ўсіх гэтых прапановаў ставяцца адмоўна.

У такой сітуацыі грамадскія арганізацыі не ўспрымаюцца належным чынам ані «вярхамі», ані «нізамі».

«Да ўладаў мы ўвесь час звяртаемся, але водгуку не знаходзім. На жаль, нас не ўспрымаюць як нармальных партнёраў.

Хутчэй, наадварот, як ворагаў», лічыць Сяргей Мацкевіч.

Дарэчы, на канферэнцыі прысутнічалі «дэлегаты» спецслужбаў. Спачатку адзін чалавек. А бліжэй да выступаў апазіцыйных палітыках далучыліся яшчэ два тыпы ў чорнай вопратцы.

Старшыня Нацплатформы Улад Вялічка пагаджаецца, што магчымасці НП уплываць на сітуацыю ў краіне вельмі абмежаваныя. Таму на першы план выходзіць праца ўнутры супольнасці.

Яўген Бойка («Магілёўская адукацыйная ініцыятыва») расчараваны дзейнасцю Нацплатформы. Раней было разуменне, што ёсць галоўная мэта: дэмакратызацыя Беларусі праз аб’яднанне «трэцяга сектара», потым – дэмакратычнай апазіцыі. І далей, праз аб’яднанне і першых, і другіх – грамадскі ціск на ўлады, каб вымусіць іх ісці на рэформы.

А еўрапейскі накірунак быў на другім месцы. Цяпер жа ўсё перавярнулася дагары нагамі, кажа хлопец:

«І гэта робяць людзі, якія крытыкавалі раней тых, хто ездзіў занадта багата ў Еўропу і прысвячаў больш увагі нейкім сустрэчам у Еўропе, чым працы тут. Бяда такая, нейкая хвароба».

На яго думку, у Беларусі стварылася «перадрэвалюцыйная сітуацыя». Грамадства застыла ў чаканні прапановаў. Той, хто адкажа, без дэмагогіі і прыгожых словазлучэнняў, як арганізаваць ціск на ўлады, як іх вымусіць ісці на саступкі, атрымае вялізную падтрымку грамадства.

У сваю чаргу, кіраўнікі Нацыянальнай платформы бачаць пагрозу ў тым, што пасля саміта Усходняга партнёрства Еўрасаюз можа страціць інтарэс (а значыць, і падтрымку) да Беларусі ды іншых «праблемных» дзяржаў-удзельніц.

І пераключыцца на «паспяховыя» Украіну, Грузію і Малдову. Мяркуецца, што гэтыя тры краіны праз некалькі тыдняў падпішуць дамовы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам.

Андрэй Ягораў («Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі») лічыць, што Еўрасаюзу варта і там, і там узмацніць сваю прысутнасць. У краінах-лідарах — каб рэалізоўваць падпісаныя пагадненні. У аўтсайдарах — бо трэба зрушыць сітуацыю з мёртвага пункту. Пытанне, як гэта зрабіць. На думку Ягорава, трэба прапаноўваць Беларусі новыя інструменты і праграмы для супрацоўніцтва.

У выніковай рэзалюцыі ўдзельнікі канферэнцыі заклікаюць Еўрасаюз не дапусціць няроўнага стаўлення да краін Усходняга партнёрства ў залежнасці ад прагрэсу краіны ў гэтай ініцыятыве.

А беларускія ўлады — забяспечыць, каб на саміце ў Вільні Беларусь рэпрэзентаваў чыноўнік, не ніжэйшы па рангу за кіраўніка Міністэрства замежных спраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?