У Міністэрстве ўнутраных справаў ужо мінулым летам пра дэкрэт казалі як пра вырашаную справу: вось яшчэ пара месяцаў — і ўсё будзе. Але, як паведаміў на мінулым тыдні міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, дакумент да гэтага часу не могуць узгадніць.

«Камусьці не падабаюцца нашыя прапановы, камусьці не даспадобы санкцыі, якія мы прапануем. А народ працягвае ўжываць і паміраць ад гэтага. Калі мы ў найбліжэйшы час пераломім некаторых разумнікаў і паступіць да вас законапраект, прашу вас падтрымаць і прыняць як мага хутчэй, каб у свабодным абарачэнні гэтая атрута ў нас не знаходзілася», — заявіў Шуневіч, выступаючы ў мінулую пятніцу перад дэпутатамі.

У Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, дзесьці 15 тысяч наркаманаў, аднак гэтую лічбу можна смела памнажаць на 10, лічаць спецыялісты ААН.

Са 150 тысяч наркаманаў недзе 80% — макавыя. У Мінску 6 тысяч «афіцыйных» наркаманаў, рэальных — каля 60 тысяч, з якіх 50 тысяч — опіумнікі.

«Каб толькі сталічным наркаманам задаволіць свае патрэбы, ім трэба ў дзень 10 тон маку, гэта мінімум. Каштуюць яны прыблізна мільён даляраў. Каб такі прыбытак атрымаць, трэба ўкласці ўсяго толькі 50 тысяч даляраў. Гэтыя схемы ўжо вядомыя. «Гандляроў насеннем маку сярэдняга звяна ў нас у краіне дзесьці 150 чалавек. А магнатаў — каля 19 чалавек. І некалькі з іх мы нядаўна «хлопнулі». Ідзе судовае разбіральніцтва. Там, дзе круцяцца такія велізарныя грошы, натуральна, ёсць тыя, хто будзе перашкаджаць абмежавальным нормам. І, вядома, ёсць тыя, хто такіх магнатаў кансультуе», — кажа начальнік упраўлення Мікалай Карпянкоў.

Якія абмежавальныя меры прапаноўваюцца ў дэкрэце? Карпянкоў пачынае здалёк: «У Беларусі, калі не было Мытнага саюза, пры перасячэнні мяжы ўвесь мак адпраўлялі на экспертызу, на адпаведнасць яго сертыфікату. Для гэтага спецыяльна распрацавалі дзяржаўны стандарт і пастановы, паводле якіх макам можна было гандляваць толькі ў спецыяльных месцах і ў фасаваным выглядзе. Калі не было Мытнага саюза, усё гэта працавала. Калі адкрылі межы, мак гэты зноў павезлі, навалам. Каб упарадкаваць неяк гэтую сферу, распрацавалі праект дэкрэта».

Пад «павезлі» Мікалай Карпянкоў мае на ўвазе не харчовы мак, які дадаюць у булкі, а неачышчаны. Калі ў звычайны мак дадаць «макавую саломку», то мак робіцца небяспечным наркатычным рэчывам. Лічыцца, што чым «бруднейшае» рэчыва, тым мацней з яго выходзіць наркотык. Напрыклад, у пякарні трапляе менавіта вычышчаны мак.

«Прынцып дэкрэта ў чым: завозьце колькі хочаце гэтага маку, але змяшчайце яго на дзяржаўных базах захоўвання. Там яго хай правяраюць на адпаведнасць сертыфікацыі. А пасля гэтага вязіце яго каму трэба. Напрыклад, абслугоўвае прадпрымальнік сельскія крамкі або хлебапякарню, мае на гэта ліцэнзію, прыязджае і бярэ. Але ўжо той мак, які расфасаваны, адпавядае дзяржстандарту і г.д.» Такім чынам насенне маку забараняецца да вольнага продажу, а калі ты рызыкуеш ім гандляваць — штраф ад 1 да 8 тысяч еўра. «У залежнасці ад таго, першы раз ты трапіўся ці другі. І ў залежнасці ад гэтага дэкрэтам прадугледжаная канфіскацыя аўтамабіля, на якім ты перавозіў гэты мак. Адначасова прадугледжваецца канфіскацыя ўсяго насення маку ў правапарушальніка, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці ён знаходзіцца, месца яго захоўвання і наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць яго набыцця».

Усе дзяржаўныя органы падтрымалі прапанаваную МУС рэдакцыю дэкрэта. Усе, акрамя Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў (НЦЗПД; структурнае падраздзяленне Галоўнага дзяржаўнага прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі).

«Што прапануе НЦЗПД: па-першае, адмяніць прадугледжаную праектам дэкрэта канфіскацыю ў вінаватых усяго насення маку, незалежна ад таго, у чыёй уласнасці яно знаходзяцца, месца яго захоўвання і наяўнасці дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць набыцця. Атрымліваецца, калі мы затрымліваем нарказбытчыка і ў момант продажу ў яго на руках 2 кг насення маку, то толькі іх мы і маем права канфіскаваць. А тое, што ў яго ў гаражы захоўваецца яшчэ 10 тон маку, 50 літраў растваральніка, — гэта вы не чапайце, інакш вы парушыце канстытуцыйныя правы грамадзян. Але гэта наўпросты намер на выраб наркотыкаў! Так выключаецца з канфіскацыі асноўны аб'ём насення маку, — кажа Карпянкоў. — Па-другое, нам прапануюць адмяніць канфіскацыю аўтамабіля, які выкарыстоўваўся для перавозкі і захоўвання маку. Па-трэцяе, прапануюць увесці забарону на захоўванне насення маку ва ўсіх грамадзян Беларусі. Гэта ж увогуле абсурд: калі чалавек набыў сабе мак у краме, хай пячэ булачкі з макам на Вялікдзень! Звычайнаму чалавеку больш за кілаграм не трэба. У нас у сталоўку ў МУС на год 10 кг закупляюць, і ўсе гэтыя булачкі ядуць. А калі чалавек прывёз 20 тон маку, каму ён іх прывёз?»

Па словах Мікалая Карпянкова, у Беларусі сёння сапраўды ёсць «верхаводы наркабізнэсу», якім такія карэктаванні дэкрэта дапамагаюць развіваць свой бізнэс. Некаторыя судовыя працэсы «сігналяць» аб тым, што наркагандляры адчуваюць чыёсьці надзейнае плячо і ўсёдазволенасць, лічыць Карпянкоў.

«Я быў здзіўлены, калі нашыя супрацоўнікі проста падчас суда ўбачылі нахабства і самаўпэўненасць нарказбытчыкаў. Улетку міліцыя на складзе ў Мінскай вобласці выявіла 20 тон маку. Паводле дадзеных падатковай, адзін з фігурантаў ажыццяўляў незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Мы адправілі мак на экспертызу: у мяшках была сумесь насення маку і небяспечнага наркатычнага сродку — макавай саломы, што можа быць выкарыстаная для вырабу опію. Па дакументах гэта быў харчовы мак, прызначаны для пастаўкі на тэрыторыю Расіі. Тады што ён рабіў у Беларусі? Мы ж трымалі гэтых таварышаў у распрацоўцы і ведаем, што ні ў якую Расію яны не збіраліся яго везці! Ён прызначаўся для распаўсюду ў Беларусі. Вядома, за гэта прадугледжаны штраф і канфіскацыя ўсяго тавару. Гаспадарчы суд па Мінскай вобласці пастанавіў канфіскаваць увесь аб'ём маку і прыцягнуць вінаватых да адміністрацыйнай адказнасці. Але таварышы гэтае рашэнне абскардзілі ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. На абскарджанні прысутнічалі нашы супрацоўнікі і выдатна чулі, пра што перагаворваліся фігуранты. Сядзяць, паміж сабой шэпчуцца: маўляў, ды мы гэтых мянтоў пасадзім, завалім іх скаргамі і г.д. Адзін з іх другому расказваў, што яны нібыта каму трэба грошай закінулі, што «рух» ужо пайшоў. І што вы думаеце: суд адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі і адправіў справу на перагляд».

На думку Мікалая Карпянкова, не выключана, што цяпер суд пасля перагляду пастанавіў вярнуць ім усе 20 тон маку. «А нас яны сапраўды закідалі скаргамі. Атрымліваецца, праз тое, што зацягваецца па часе прыняцце дэкрэта, такія збытчыкі адчуваюць сябе абароненымі. Яны разумеюць, што на іх баку гэтыя юрыдычныя арэлі. Яны бачаць, што ім вяртаюць гэты мак, што іх не караюць. Як нам на гэтым фоне працягваць працаваць?»

Узмацненне жорсткасці закону ў гэтай сферы — праблема даўняя. «Сем гадоў мы штурхаем нейкія абмежавальныя меры ў заканадаўства, — падводзіць вынік Мікалай Карпянкоў. — Да нейкага ўзроўню даходзім — адкат. Цяпер мы дайшлі да самага высокага ўзроўню, і зноў тое ж самае! У НЦЗПД унеслі тры праўкі, у выніку чаго трэба ўвесь дэкрэт перарабіць. А час ідзе. Страчваецца ўвесь сэнс гэтага дакумента. Людзі робяцца нарказалежнымі. Відавочна: прапанаваныя папраўкі супярэчаць антынаркатычнай палітыцы дзяржавы і патрабаванням прэзідэнта аб недапушчэнні ператварэння наркаманіі ў масавую з'яву, умацоўваюць прававыя асновы збыту насення маку нарказалежным. Фізічная беспакаранасць нарказбытчыкаў справакуе далейшае інтэнсіўнае распаўсюджанне наркотыкаў па ўсёй краіне».

Тэрмін жыцця актыўных наркаманаў, якія ўжываюць опіумны мак рэгулярна, — усяго 2 гады.

Калі дэкрэт не атрымаецца прыняць у такім выглядзе, у якім прапануе МУС, то ў Беларусі, упэўнены Карпянкоў, уся праца міліцыі па барацьбе з макавымі наркаманамі «проста згорнецца». «Для канфіскацыі некалькіх кілаграмаў маку немэтазгодна збіраць каманду людзей з розных ведамстваў і паліць бензін. Мы цяпер у Савет міністраў для наступнай перасылкі ў Адміністрацыю прэзідэнта адправілі прапановы прыняць дэкрэт без уліку правак ад НЦЗПД».

Для даведкі: За 9 месяцаў 2013 года МУС сумесна з зацікаўленымі структурамі склала 132 адміністрацыйныя пратаколы за ўчыненне правапарушэнняў, звязаных з рэалізацыяй насення маку нарказалежным. Да адказнасці прыцягнута 119 асоб, канфіскавана каля 58 тон насення маку, з якога можна прыгатаваць звыш 460 тысяч доз наркатычнага сродку экстракцыйнага опію на агульную суму больш за 36 млрд рублёў. Па выніках 1-га паўгоддзя 2013 судамі накладзена штрафаў на 233 млн рублёў, у гандляроў насеннем маку канфіскавалі 64 аўтамабілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?